Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Завяршыліся Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі: «Чыстыя сэрцам» вярнуліся да штодзённых абавязкаў
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
03.05.2015 21:19

3 мая ў Смаргоні завяршыліся ХХІІ Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. У іх прынялі ўдзел амаль 2 тысячы маладых людзей з усёй дыяцэзіі, а таксама з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі.

Cёлетнія Дыяцэзіяльныя дні моладзі былі прысвечаны словам благаслаўленняў Езуса «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мц 5, 8). Праз гэты заклік Хрыста арганізатары хацелі засяродзіць увагу маладых людзей на адным з галоўных пытанняў для маладога чалавека – чысціні.

Святую Імшу на заканчэнне Дзён моладзі ўзначаліў іх галоўны арганізатар кс. Антоні Грэмза, які ад імя Касцёла падзякаваў маладым людзям за іх сведчанне і жывую веру, якую яны пажадалі ўмацаваць на працягу гэтых трох дзён.

Пасля Імшы адбыўся канцэрт гурта «Міласць» з лідскай парафіі.



 

Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі — гэта перад усім сустрэча з Богам, таму кожны дзень галоўным пунктам праграмы была святая Імша. Моладзь прымала удзел у канферэнцыі, працавала ў групах, пазнавала спосабы чыстага жыцця. Першы раз у Беларусі вялікая колькасць маладых людзей уступіла ў «Рух чыстых сэрцаў».

Днi моладзі — гэта таксама супольная забава, канцэрты, спевы і танцы. Праз гэта маладыя хрысціяне хочуць паказаць сваім аднагодкам, што рэлігія — гэта цудоўная справа, што толькі з Богам чалавек можа быць шчаслівы і ў Богу знойдзе сваё шчасце; што хрысціянін — гэта найперш радасны чалавек, які ўмее знаходзіць час на малітву і адпачынак.

«Чыстыя сэрцам» вярнуліся да сваіх штодзённых абавязкаў, каб сведчыць пра Хрыста і паказваць іншым, што чысціня сёння магчымая — трэба толькі супрацоўнічаць з Божай ласкай. Многія ўдзельнікі зноў вярталіся спецыяльным цягніком «Смаргонь-Гродна» які меў назву «Чыстыя сэрцам».



 

Моладзь Гродзенскай дыяцэзіі вельмі ўдзячная ўсім арганізатарам, якія паспрыялі правядзенню гэтага цудоўнага свята. Найперш моладзь удзячная сваім біскупам, якія шмат увагі надаюць працы з ёю. Маладыя вернікі ўдзячныя таксама душпастыру моладзі кс. Антонію Грэмзу і ўсёй салезіянскай сям’і св. Яна Боско ў Смаргоні, якія прыклалі шмат намаганняў, каб усё прайшло на вельмі высокім узроўні.

Пану Богу — асаблівая падзяка ад моладзі за ласку гэтай сустрэчы і цудоўнае надвор’е, бо ўсе пункты праграмы адбываліся пад адкрытым небам.
Хочацца пажадаць, каб наша каталіцкая моладзь заставалася такой жа цудоўнай і прыгожай і несла Бога праз усё сваё жыццё.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.