Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Удзельнікі Дзён моладзі Гродзенскай дыяцэзіі – пра свае перажыванні
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
04.05.2015 15:23

З 1 па 3 мая ў Смаргоні прайшлі Дыяцэзіяльныя дні моладзі. Тэмай сёлетняй сустрэчы моладзі Гродзенскай дыяцэзіі сталі словы “Чыстыя сэрцам бачаць Бога”. Сваімі перажываннямі дзеляцца маладыя ўдзельнікі сустрэчы.

– Што азначае выраз “чыстыя сэрцам”?

– На мой погляд, “чыстыя сэрцам” – гэта тыя людзі, хто жыве ў адзінстве з Богам, таму нездарма ў адным з благаславенстваў мы чуем, што “чыстыя сэрцам бачаць Бога”! Чыстымі сэрцам можна таксама назваць тых, хто стараецца глядзець на свет і людзей вачыма Бога і любіць усё зямное стварэнне Ягоным сэрцам (Анжаліка Ластоўская, парафія Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, Гудагай)
r– Як ты рэалізуеш заклік “Чыстыя сэрцам бачаць Бога” ў сваім жыцці?

– Сёлетнія Дні моладзі закранулі вельмі важную тэму для маладога хрысціяніна, у тым ліку для мяне: “Чыстыя сэрцам бачаць Бога”. Каб захаваць сваё сэрца чыстым, па-першае, я змагаюся са злом праз штодзённую руплівую малітву, якая надае як духоўныя, так і фізічныя сілы маладому хлопцу. Па-другое, гэта справа добрых учынкаў для блізкіх, родных, сяброў і знаёмых. Таксама стараюся часцей сустракаць Хрыста ў сакрамэнце пакаяння і з’яднацца з Ім ў Святой Камуніі (Дамінік Жых, парафія Св. Міхала Арханёла, Смаргонь)
r– Ці цяжка захаваць чысціню сэрца ў жыцці дзяўчыны?


– Пытанне вельмі сур’ёзнае, асабліва ў сучасным свеце, калі спакус з’яўляецца ўсё больш. Калі парок глядзіць табе ў вочы, часам вельмі цяжка адвярнуцца. Але сумленне падказвае, што Езус вучыць зусім іншаму… І толькі разам з Ім я змагу перамагчы ўсе спакусы сучаснага свету. Я ведаю, што трэба жыць чыстым сэрцам, і адначасова павінна захаваць чыстае цела. Трэба найчасцей заглядваць Богу ў вочы, бо там знойдзеш надзею на перамогу (Вольга Чачотка, парафія Божай Міласэрнасці, Гродна-Вішнявец)
r– Ці цяжка захаваць чысціню сэрца ў жыцці хлопца?


– Для мяне чысціня сэрца – гэта, у першую чаргу, нешта некранутае, тое, што застаецца з табой назаўжды, і тое, што падаруеш свайму каханаму чалавеку.

Захаваць чысціню сэрца вельмі няпроста. Для таго, каб сэрца засталося некранутым, найперш неабходна зразумець: для чаго гэта табе патрэбна, які ў гэтым сэнс? Хацеў адзначыць, што ў захаванні чысціні сэрца патрэбна падтрымка з боку каханай. Хлопец і дзяўчына павінны размаўляць пра гэта, аддаючы сябе Богу.

Калі чалавек па-сапраўднаму кахае іншага, то ён будзе чакаць сакрамэнту сужэнства ў цнатлівасці, бо так вучыць Езус – наш наймудрэйшы Настаўнік. З Ім няма нічога немагчымага… (Павел Лапата, парафія Св. Уладзіслава, Суботнікі)
r– Чаму ты ўступіла ў “Рух чыстых сэрцаў”?

– На сёлетніх Днях моладзі нам пашчасціла зрабіць вельмі адказны крок у сваім маладым жыцці і па свайму жаданню ўступіць у “Рух чыстых сэрцаў”. Чаму я гэта зрабіла? Бо я вельмі хачу захаваць чысціню свайго цела, душы і сэрца! Бог – гэта мэта майго жыцця, я хачу падараваць Яму ўсё тое, што ў мяне ёсць. Усемагутны Бог, наш Творца, у зямным жыцці робіць для нас столькі непаўторнага і таямнічага, дык чаму не падараваць Яму і самога сябе?! (Сабіна Дзякун, парафія Адшукання Святога Крыжа, Гродна-Бернардыны)
rПадрыхтавала Анастасія Мішкура


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.