Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дыяцэзіяльны Дзень маці прайшоў у Капцёўцы
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
04.05.2015 13:21

Ужо традыцыйна Гродзенская дыяцэзія ў першую нядзелю мая адзначае  Дзень маці. Ва ўсіх капліцах і касцёлах вернікі моляцца ў інтэнцыі жывых і памерлых маці, выказваюць ім сардэчныя віншаванні.

3 мая галоўныя ўрачыстасці Дня маці адбыліся ў санктуарыi Маці Божай Яснагорскай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы, дзе маліліся за ўсіх маці Гродзенскай дыяцэзіі. У гэты дзень у санктуарый прыбылі ў пешай пілігрымцы маці з Гродна разам са сваімі дзецьмі і мужамі, каб прасіць у Панны Марыі ласкаў для сваіх сем’яў.


На ўрачыстасці прыбылі таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Кусташ санктуарыя кс. Міхал Ластоўскі разам са сваёй парафіяльнай супольнасцю кожны год сардэчна вітае ўсіх пілігрымаў на Узгорку надзеі, частуе і запрашае даверыць Маці Божай свае справы і цяжкасці.

Навярнуцца — прыняць Божы план


Канферэнцыю на тэму «Езус прыйшоў заклікаць да навяртання грэшнікаў» прамовіў для прысутных маці кс. Юрый Марціновіч. Кажучы аб тым, што навяртанне — гэта няспынны працэс, які трывае ад моманту прыняцця сакрамэнту хросту аж да смерці, святар дадаў, што «трэба штодзённа вяртацца да крыніцы».

«У кожным ёсць свая багна, з якой душа павінна вызваліцца. У кожным з нас ёсць такія сферы, якія трэба цалкам пакінуць, адцягнуць сябе ад іх, каб распачаць навяртанне», — сказаў кс. Юрый Марціновіч.


Святар заўважыў, што існуе некалькі тыповых паставаў, якія ўскладняюць працэс навяртання. Першая з іх — гэта пагарджэнне сваімі грахамі і слабасцямі, калі чалавек імкнецца да іх памяншэння ў сваіх вачах. Другая тыповая перашкода — параўноўванне сябе з іншымі, трэцяя — перакананне чалавека ў тым, што ён ужо не зможа змяніцца.

Падсумоўваючы сказанае, святар адзначыў, што навяртанне — гэта «прыняцце Божага плану ў сваім жыцці», прызнанне таго, што «Бог мяне любіць і ведае, што для мяне добра».
Маці, прысутныя ў санктуарыі, прынялі ўдзел у Крыжовым шляху. Падчас набажэнства вернікі маліліся за сем’і, перад якімі сёння, як заўсёды, стаяць вельмі важныя выклікі — перадаць жыццё, хрысціянскія каштоўнасці і выхаваць сумленнага чалавека.

Урачыстую Імшу ў інтэнцыі ўсіх жывых і памерлых маці дыяцэзіі ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч, які заахвоціў да малітвы за маці.

Без сям’і няма будучыні

Гамілію падчас Імшы прамовіў кс. Раман Катлімоўскі, які адзначыў, што ў гэты дзень вернікі прыбываюць у Капцёўку, каб «разам з Марыяй пакланіцца Езусу за тое, што да канца нас палюбіў». «Выхоўвайце сваіх дзяцей і ўнукаў так, як вас выхоўвалі вашы маці і бабулі, якія казалі, што трэба слухаць Бога», —заахвоціў святар.

«Сёння тут мы чуем словы Езуса: “Без Мяне нічога не можаце ўчыніць”. А мы так часта прыпісваем сабе шмат рэчаў, забываючы, што ўсё гэта паходзіць з подыху Божага духу», — сказаў святар.

«Вы вельмі патрэбныя Езусу і сваім сем’ям. Гэта таямніца вашага прыгожага паклікання, і сёння мы дзякуем за вашу паставу маці», — дадаў святар і заклікаў не адмаўляцца ад добрай традыцыі цалавання рукі маці, бо кожная з іх гэтага заслугоўвае.

«Мы вандруем з моцай духу, з радасцю і адвагай, і сузіраем асабліва ў гэтым месяцы прыгожую прыроду як знак Божай любові і міласэрнасці, як знак марыйнасці», — адзначыў кс. Катлімоўскі.


На заканчэнне Эўхарыстыі вернікі павіншавалі біскупа Кашкевіча з днём яго нябеснага заступніка, а біскупа Станеўскага — з 20-годдзем прэзбітэрскага пасвячэння, якое іерарх адзначае сёлета.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім маці за прыклад веры і руплівасць у выхаванні маладых пакаленняў і заахвоціў, каб усе маці падтрымлівалі Касцёл, а асабліва яго пастыраў, сваёй малітвай. «Маці перадае сваім дзецям, сям’і веру, таму няхай на нашай зямлі ўзрастаюць святыя маці», — пажадаў гродзенскі ардынарый, дадаўшы, што «без сям’і не будзе добрай будучыні, грамадства».

Таксама ў гэты дзень адбылася пешая пілігрымка з Ашмян у Баруны, дзе, звяртаючыся да Маці Божай, вернікі маліліся за ўсіх маці свайго дэканату.


(JM)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.