Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
ХХІІ Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі: Смаргонь дзякуе Богу і людзям
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
05.05.2015 12:32


3 мая каля 15-й гадзіны са Смаргоні ад’ехаў цягнік «Чыстыя сэрцам», стала ціха і сумна, як быццам чагосьці не хапае. Як і звычайна, шмат часу адводзілася на падрыхтоўку, каб пасля перажыць прыгожыя моманты жыцця, якія хутка прабягаюць. Каб падрыхтаваць ХХІІ Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, трэба было добра падзяліць працу, прызначыць адказных за розныя моманты і пасля чакаць сюрпрызаў, якіх было нямала.

Цяпер хочацца выказаць удзячнасць Богу, што заўсёды дапамагаў, і, перш за ўсё, за цудоўнае надвор’е і адкрытыя сэрцы смаргонскіх жыхароў.

Каб лепш зразумець, як жыхары Смаргоні і «гаспадары» ХХІІ Дыяцэзіяльных дзён моладзі перажывалі 1-3 мая, некаторыя з іх дзеляцца сваімі ўражаннямі:  

Ларыса Валынец, салезіянін супрацоўнік:

«Быць гаспадаром Дыяцэзіяльных дзён моладзі – ганарова і ў той жа час вельмі адказна. Падрыхтоўка да ДДМ у нашай смаргонскай салезіянскай сям’і пачалася адразу ж. У духу салезіянскай еднасці, разам — святары, сёстры законныя, салезіяне супрацоўнікі і салезіянская моладзь, — распрацавалі план падрыхтоўкі. На нас лягла адказнасць за арганізацыю размяшчэння і харчавання моладзі падчас трохдзённага прабывання ў  Смаргоні. Першапачаткова разлічвалі на размяшчэнне па кватэрах вернікаў каля 1000–1200 удзельнікаў. І якім жа было наша здзіўленне, калі даведаліся: да нас прыязджае рэкордная колькасць удзельнікаў ДДМ — амаль 1800! Дзякуем Пану Богу і людзям добрай волі, якія адгукнуліся на нашыя просьбы і прынялі да сябе на начлег такую колькасць моладзі…

Мы вельмі рады, што ў нашых парафіях Св. Міхала Арханёла і Св. Яна Паўла II такія зычлівыя і гасцінныя людзі. Тры дні ДДМ праляцелі як адно імгненне. Для ўсіх нас гэта былі тры дні глыбокага разважання аб  дары чысціні ў жыцці, духоўнай еднасці адзін з адным і, самае галоўнае, з Панам Богам. Уразіла моладзь падчас прадстаўленняў груп. Сэнс кожнага выступлення зводзіўся да самага галоўнага: збаўленне чалавека — толькі ў Хрысце!

Смаргонская моладзь уразіла яшчэ і сваёй адказнасцю і адданасцю да падрыхтоўкі і правядзеня свята. Складана словамі перадаць пачуцці падчас супольнай малітвы, супольнай  эўхарыстычнай адарацыі і сакрамэнту пакаяння: на плошчы каля касцёла юнакі і дзяўчаты, дарослыя людзі звярталіся са словамі і просьбамі да Пана Бога, спавядаліся… Падрыхтоўка і тры дні ДДМ яшчэ раз пераканалі: толькі глыбокая вера вядзе чалавека наперад, толькі глыбокая вера дапамагае справіцца з цяжкасцямі, толькі глыбокая вера яднае нас...»


Ганна Семак, салезіянскі аніматар:

«Гэтых Дзён моладзі я чакала з радасцю і вялікай цікавасцю, бо гэта першыя Дыяцэзіяльныя дні моладзі, у якіх у мяне атрымалася ўдзельнічаць. Нягледзячы на клопаты падрыхтоўкі і перажыванні, якія мелі ўсе арганізатары, я здолела адчуць асалоду ад гэтай сустрэчы моладзі. Для мяне гэтыя дні сталі сапраўднай школай гасцінасці, шчырасці, радасці і, безумоўна, даверу да Бога. Часта звярталася да Духа Святога, просячы дапамогі, і заўважала Яго дзеянне, што і было крыніцай радасці.

Убачыць за пару дзён шматлікіх старых знаёмых і набыць новых — вялікі Божы падарунак! Цаню таксама магчымасць яшчэ раз паразважаць самой і падзяліцца з іншымі сваім думкамі наконт дару чысціні ў жыцці маладога чалавека. Таксама мела магчымасць дапамагаць падчас працы ў групе “Дар чысціні ў жыцці дзяўчыны”».

С. Вераніка Блізнюк FMA:

«Калі мы рыхтаваліся да ДДМ, усё здавалася такім неабсяжным і немагчымым, а тут яшчэ і надвор’е не было спрыяльным. Аднак падчас сустрэчы з групамі, якія мелі займацца гаспадарчымі справамі і справамі парадку падчас з’езду моладзі, я падзялілася думкай, што калі ўсё, што мы робім, — справа Божая, то ўсё і так атрымаецца згодна з Яго планам. Усе мы з гэтым згадзіліся, і падрыхтоўка, а таксама само правядзенне ДДМ прайшлі вельмі цудоўна.

Ведаю, што калі б не супрацоўніцтва з жанчынамі з розных груп, а таксама з мужчынамі і маладымі хлопцамі, якія з вялікай адказнасцю падышлі да справы, шмат чаго адбывалася б не так зручна і было б складаней. Таму я вельмі ўдзячна Богу за такіх добрых і зычлівых людзей, а менавіта за салезіян супрацоўнікаў, членаў Жывога Ружанца і Легіёну Марыі, хлопцаў і жанчын, за тое, што ахвяравалі свой час і цеплыню свайго сэрца і, нягледзячы на стомленасць, да апошняй хвіліны мелі адкрытыя вочы і гатовыя да працы рукі.  Дзякую Богу, а таксама ўсім ім за тое, што падтрымалі нас і аказалі незаменную дапамогу».


Аляксей Ражко, вучань 9 кл., актыўны памочнік з размяшчэннем на начлег:

«На гэтых Днях моладзі я ўпершыню, і яны праводзіліся ў маім родным горадзе. Гэта вялікі гонар і не меншая адказнасць для нас. Уся моладзь вельмі моцна перажывала, але яшчэ больш яна рыхтавалася і чакала гасцей. Больш за ўсё мне спадабалася эўхарыстычная адарацыя, гурт “Рыбы” і... сакрамэнт пакаяння, бо ў гэты момант я адчуў, як мяне напаўняе Божая ласка, мне хацелася благаслаўляць Вялікага Бога, прысвячаць Яму спевы і танцы. Лічу, што гэтыя Дні моладзі застануцца незабыўнымі не толькі для мяне, але і для ўсёй моладзі, якая была сабрана ў Смаргоні!»

Алена Руткоўская, сямейны кансультант пры парафіі Св. Міхала Арханёла:


«Мне разам з моладдзю прадставілася магчымасць паразважаць над тэмай “Дар чысціні ў жыцці нарачоных”. Прыемна тое, што дадзеная тэма зацікавіла не толькі дзяўчат, але і юнакоў. У маёй групе прысутнічала больш за 130 чалавек. Лічу дадзеную тэму важнай і актуальнай, асабліва для сённяшніх маладых людзей. Бо пра гэта, упэўнена, з імі ніхто амаль не размаўляе, нават бацькі.

Прыемна было, што слухалі ўважліва, не баяліся выказваць свае думкі ўслых, былі адкрыты да атрымання інфармацыі. Спадзяюся, што насенне ўпала ў добрую глебу. Засталося толькі маліцца аб тым, каб яно ўзышло і дало добрыя плады. Дзякуй усім тым, хто быў на катэхезе».


С. Ірына Барцэвіч FMA

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.