Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сустрэча з нагоды 89-й гадавіны смерці Казіміра Сваяка прайшла ў Клюшчанах
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
07.05.2015 15:30

3 мая прыхільнікі творчасці ксяндза Канстанціна Стаповіча, які пісаў пад псеўданімам Казімір Сваяк, сабраліся ў чарговы раз, каб аддаць пашану гэтаму выбітнаму сыну сваёй зямлі. Гэтым разам сустрэча з нагоды 89-й гадавіны смерці святара і паэта — ён адышоў у вечнасць 6 мая 1926 г. — адбылася ў Клюшчанах (Гродзенская дыяцэзія), яго роднай парафіі.

Тут, у клюшчанскім касцёле святога Яўхіма, будучы ксёндз Канстанцін Стаповіч быў ахрышчаны, тут 100 гадоў таму адслужыў сваю прыміцыйную Імшу. Менавіта тут прайшоў першы год святарскай службы ксяндза Стаповіча – у 1915-1916 гг., калі святар пачаў ужываць беларускую мову ў гаміліях, арганізаваў касцёльны хор, што спяваў як рэлігійныя, так і беларускія народныя песні і з якога потым паўстаў гурток беларускай моладзі «Хаўрус Сваякоў».  

На пачатку сустрэчы ўсіх прысутных сардэчна прывітаў пробашч клюшчанскай парафіі ксёндз Анатоль Захарэўскі.

У гаміліі ксёндз Ежы Вільк SCJ, вікарый парафіі ў Паставах, прачытаў верш Казіміра Сваяка «Шчасце», які заканчваецца радком: «Усім для шчасця патрэба Бога». Святар звярнуў увагу на глыбокі змест гэтага вершу, а таксама падзяліўся ўспамінамі аб часах сваёй службы ў парафіі ў Дунілавічах. Разам з моладдзю ксёндз Ежы Вільк вывучаў тады творчасць Казіміра Сваяка, і калі яны паехалі ў камайскі касцёл, дзе ў свой час ён служыў, адзін з міністрантаў падчас экскурсіі расказаў гэты верш на памяць.



Звяртаючыся да постаці ксяндза Стаповіча, ксёндз Ежы Вільк нагадаў, што святару, які жадаў, каб ягоны народ чуў Божае слова на беларускай мове, прыйшлося спазнаць пераслед за сваю рэлігійна-асветніцкую дзейнасць, аднак «ён верыў, што з Езусам можа шмат, вера – гэта такая сіла, якая дае шмат магчымасцяў чалавеку». Ксёндз Ежы Вільк нагадаў словы Папы на пенсіі Бэнэдыкта XVI, што чалавек, які верыць у Бога, не з’яўляецца самотным, а таксама нагадаў, што хаця ксёндз Стаповіч пражыў няшмат – усяго 36 гадоў, але паспеў за гэты час шмат зрабіць. «Усё добрае, што мы робім, застаецца пасля нас», — дадаў святар.

Пасля Імшы Іяланта Валуевіч, крэўная ксяндза Стаповіча, якая шмат робіць для захавання ягонай спадчыны, у сваім выступленні нагадала, што акрамя сённяшніх юбілеяў, звязаных з жыццём святара і паэта, у гэтым годзе спаўняецца 10 гадоў так званых «сваякоўскіх сустрэч». Таксама яна распавяла пра яшчэ адзін цікавы знак: падчас кожнай «сваякоўскай» сустрэчы ў клюшчанскі касцёл заўсёды залятае ластаўка. Іяланта Валуевіч узгадала тыя часы, калі клюшчанскі касцёл быў напоўнены людзьмі, і прыгадала імёны парафіян, якія ў свой час падзяліліся ўспамінамі сваіх бацькоў пра ксяндза Стаповіча – гэта Браніслава Масцяніца і Казімір Хадорскі. Тэрэза Суспіла, чыя маці ў свой час спявала ў хоры, арганізаваным святаром, у сваю чаргу наспявала песні гэтага хору. Усе яны ўжо адышлі ў вечнасць. «Вечны супакой і памяць гэтым людзям», – пажадала Іяланта Валуевіч.

Генавефа Дубіловіч з парафіі ў Камаях (Віцебская дыяцэзія) у сваю чаргу падкрэсліла, што як існуюць гарады-пабрацімы, так і парафіі ў Камаях і Клюшчанах можна смела назваць парафіямі-пабрацімамі, і пажадала, каб гэтыя «сваякоўскія» сустрэчы працягваліся і далей.

Ксёндз Юрый Іодзік, пробашч парафіі ў Цудзенішках (Гродзенская дыяцэзія), адзначыў, што гэтыя сустрэчы – «плён працы і жыцця ксяндза Стаповіча, сына сваей зямлі», «нагода падзякаваць Пану Богу за Ягонага вялікага слугу».

Падчас сустрэчы прыгадалі Аркадзя Нафрановіча з Камаяў, паэта і прыхільніка творчасці Казіміра Сваяка, які нядаўна адышоў у вечнасць. Генавефа Дубіловіч прачытала ягоны верш, прысвечаны Казіміру Сваяку.

Краязнаўца Іван Драўніцкі нагадаў аб часах, калі ён толькі пазнаёміўся з творчасцю святара і паэта ў далёкія 1950-я гг., распавёў, як затым вывучаў ягоную творчасць разам са сваімі вучнямі.

Сустрэчу ўпрыгожылі спевамі гурт «Балцкі субстрат» і Аляксандр Якіменка з Астраўца, якія выканалі песні на словы Казіміра Сваяка, а таксама на музыку ягонага брата Альбіна Стаповіча.

Святкаванне працягнулася на малой радзіме паэта – у в. Барані, што знаходзіцца за 8 км ад клюшчанскага касцёла. Некалькі гадоў таму тут быў адчынены музей братоў Стаповічаў. Тут адбылася сустрэча з крэўнымі святара, якія адмыслова дзеля гэтага прыехалі з Вільні. Для мясцовых жыхароў была арганізавана літаратурна-музычыная імпрэза, падчас якой прайшла віктарына на веданне жыцця і творчасці ксяндза Канстанціна Стаповіча.

Наступная сустрэча прыхільнікаў творчасці ксяндза Стаповіча — Казіміра Сваяка — адбудзецца ў Засвіры, у парафіі, дзе святар правёў апошнія гады свайго жыцця.

Кацярына Лаўрыненка

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.