Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
15-годдзе асвячэння касцёла адзначылі ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.05.2015 10:53

11 мая вернікі гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Паўднёвы) дзякавалі за 15 гадоў з часу асвячэння парафіяльнай святыні. 15 гадоў таму касцёл праз урачысты акт асвячэння быў перададзены ў поўную ўласнасць Богу.

Урачыстую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які на пачатку Эўхарыстыі заахвоціў вернікаў узнесці малітву падзякі за ўсіх тых, дзякуючы каму паўстаў гэты Божы дом. Біскуп дадаў, што сёння гэтае месца асвечана малітвамі тых людзей і з’яўляецца месцам спаткання чалавека з Богам.

Гамілію падчас Імшы прамовіў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які разважаў аб ролі і значэнні святыні ў жыцці чалавека. Іерарх адзначыў, што гэтая святыня, якая была перададзена 15 гадоў таму праз акт кансэкрацыі ў выключную ўласнасць Бога, была прынята Богам, але была і прызначана для вернікаў, каб яны «прыходзілі сюды, сустракаліся, каб кожны дзень сярод іх прабывала Божая ласка».

Біскуп дадаў, што будаўніцтва парафіяльнага касцёла ў новым мікрараёне Гродна было жаданнем мясцовых жыхароў, якія хацелі мець сваё ўласнае святое месца. Іерарх заўважыў, што за гэты кароткі перыяд часу ў сэрцах людзей здзейснілася шмат рэчаў, і «калі б не было гэтай святыні, колькі было б страчаных сэрцаў, колькі было б людзей, якія не ўмелі б прабачыць».

«Пастараемся быць тымі, якія ідуць і абвяшчаюць Евангелле свету. Будзем казаць іншым аб патрэбе ў гэтым Божым доме. Уваходзячы ў гэтую святыню, створаную чалавечай рукой, але перададзеную Божай моцай, будзем вызваляцца ад усяго таго, што засланяе нам Бога, што прапануе сённяшні свет, і тады мы будзем вольныя, каб ісці і абвяшчаць іншым прыйсце Нябеснага Валадарства», — заклікаў біскуп.

На заканчэнне Імшы наймалодшыя парафіяне падзякавалі іерархам за супольную малітву.

Парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі была створана ў 1994 г., касцёл пабудаваны ў 1999 г.. Акт асвячэння здзейсніў 11 мая 2000 года сённяшні Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.


Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.