Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэліквіі св. Яна Паўла II унесены ў парафіяльны касцёл у Зарачанцы
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
15.05.2015 14:22

13 мая ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы (Баля Касцёльная; Гродзенская дыяцэзія) у чарговы раз распачаліся фацімскія набажэнствы. Гэтыя набажэнствы будуць праходзіць кожны 13-ы дзень месяца з мая па кастрычнік у знак памяці пра аб’яўленні Маці Божай у Фаціме.

Кожнае такое набажэнства мае адкупленчы характар і ўключае супольную малітву на ружанцы. Яно з’яўляецца адказам на заклікі Маці Божай падчас аб’яўленняў у Фаціме да ружанцовай малітвы і чынення пакаяння за грэшнікаў.

У гэты дзень таксама прыпадае 34-я гадавіна замаху на жыццё Святога Айца Яна Паўла ІІ, які быў удзячны Панне Марыi з Фацімы за сваё цудоўнае ацаленне. У зарачанскую парафію былі прынесены рэліквіі — кроў св. Яна Паўла ІІ. Рэліквіі ў святыню прынёс у працэсіі пробашч парафіяльнай супольнасці кс. Віктар Мыслюк, які праз заступніцтва св. Яна Паўла ІІ даверыў Пану Богу ўсю парафію.


Асоба Яна Паўла ІІ цесна звязаная з Маці Божай Фацімскай, якая цудоўным чынам ацаліла Папу. Потым Пантыфік пілігрымаваў у Фаціму, каб падзякаваць за дар жыцця. Вернікі зарачанскай парафіі кожны 13-ы дзень месяца будуць мaліцца каля рэліквій св. Яна Паўла ІІ і фігуры Маці Божай Фацімскай у інтэнцыях Святога Айца Францішка, сваіх біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў, аб міры ў свеце, аб духу пакаяння і ўзаемнага прабачэння.

У гэты дзень вернікі ўпершыню мелі магчымасць ушанаваць у сваёй святыні рэліквіі св. Яна Паўла ІІ, маючы глыбокае прагненне, каб Святы Айцец з дому Пана спазіраў на іх парафіяльную супольнасць і ўсіх благаслаўляў.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.