Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сакрамэнт канфірмацыі ў Варнянах: “Мець сэрца, адкрытае для ўсіх”
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
18.05.2015 12:10

16 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў парафіі Св. Юрыя ў Варнянах (Гродзенская дыяцэзія). Сакрамэнт хрысціянскай сталасці прынялі больш за 40 чалавек, яны прайшлі адпаведную падрыхтоўку.

На пачатку Імшы біскуп заахвоціў кандыдатаў адкрыцца на дзеянне Духа Святога, каб такім чынам стаць сапраўднымі сведкамі Хрыста Уваскрослага.

Гамілію падчас Імшы прамовіў кс. Юрый Марціновіч, які нагадаў словы Езуса, скіраваныя да апосталаў: “Будзьце Маімі сведкамі!” Як дадаў святар, гэтыя ж словы з такой жа моцай Езус скіроўвае кандыдатам да канфірмацыі. “У гэтым свеце, які раздзіраюць розныя канфлікты, дзе брат забівае брата, будьце Маімі сведкамі. Сёння Хрыстус, як падчас сакрамэнту хросту, называе тваё імя, бо разлічвае на цябе, на тваю дапамогу, на тое, што далучышся да ліку Яго апосталаў і пойдзеш несці свету плёны гэтага Духа”, - сказаў святар.

“Сёння неабходна навучаць свет, асабліва тады, калі бачым, як згасае вера ў маладых людзях. Навучаць не словам, а канкрэтным чынам, уласным прыкладам, - адзначыў кс. Юрый Марціновіч. – Сёння існуе патрэба ў адважных сведках Хрыста, патрэба ў маладых, якія дазволяць Божай любові прынесці ў сабе плёны, захочуць занесці Добрую Навіну пра Хрыста сваім равеснікам”.

“Толькі той, хто сапраўды сустрэне ў гэтым сакрамэнце Езуса Уваскрослага, хто атрымае Духа Святога, зможа паўтараць іншым: Пан мой і Бог мой!” – дадаў святар.


На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч нагадаў яшчэ раз пра важнасць гэтага сакрамэнту. Іерарх адзначыў, што гэта вельмі важны сакрамэнт, які робіць чалавека здольным быць сведкам Хрыста ў свеце. “Будзьце гатовыя і адкрытыя на гераічную любоў да Бога і бліжняга”, - заклікаў гродзенскі ардынарый, а таксама заахвоціў “мець сэрца, адкрытае для ўсіх”, і пажадаў, каб у гэтым станаўленні адважнымі сведкамі Хрыста ім дапамагаў Дух Святы, якога яны атрымалі.

Біскуп падзякаваў усім тым, хто паспрыяў перадачы веры маладому пакаленню, і выказаў пажаданне, каб моладзь “была будучыняй нашай краіны і народа”, а ў штодзённым жыцці “не толькі словам, але і канкрэтнымі дзеяннямі сведчыла аб Езусе і Яго Касцёле”.

(JM)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.