Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адбылася сустрэча катэхетаў Гродзенскай дыяцэзіі з падсумаваннем катэхетычнага года
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
19.05.2015 11:23

18 мая ў будынку Гродзенскай курыі прайшла сустрэча катэхетаў дыяцэзіі. Падчас сустрэчы быў падсумаваны 2014-2015 катэхетычны год у дыяцэзіі. Сустрэча стала часам абмену досведам, вынесеным з катэхізацыі дзяцей і моладзі, і роздуму над пройдзеным перыядам.

На сустрэчу прыбылі каля 50 святароў, сясцёр законных і свецкіх катэхетаў, якія штодзень служаць сярод дзяцей і моладзі, займаючыся іх навучаннем і рэлігійным выхаваннем. Сабраных прывітаў а. доктар Андрэй Шчупал CSsR – дырэктар аддзела навучання і выхавання Гродзенскай курыі. У сваім слове святар адзначыў, наколькі вялікая сёння роля катэхета, галоўным заданнем якога з’яўляецца весці чалавека да сустрэчы з Богам.

Таксама ўдзельнікі выслухалі два рэфераты. Першы прадставіў а. Ян Асіповіч SP, распавёўшы ў ім аб педагогіцы св. Юзафа Каласанса. Харызмат айцоў піяраў – праца з дзецьмі і моладдзю, якія з’яўляюцца будучняй кожнага народа і Касцёла. Святар пачаў ад гісторыі жыцця святога, заснавальніка гэтай законнай супольнасці. Кажучы пра падставы яго педагогікі, дакладчык адзначыў, што гэта “служэнне падтрымцы чалавека, штурханне яго з грамадскіх нізін і вядзенне да жыцця сціплага, але годнага”. Для св. Юзафа Каласанса, як дадаў святар, “кожная адукацыйная дзейнасць мае сэнс, бо спрыяе падтрымцы чалавека і вядзе да Праўды”.

Аналізуючы рысы педагогікі святога, дакладчык заўважыў, што “нельга згубіць найважнейшае – правы самога вучня”. Кажучы пра новыя элементы ў педагогіцы заснавальніка супольнасці піяраў, святар адзначыў, што “Каласанс робіць першую спробу стварэння сталай фармацыі педагогаў”.

Другі рэферат прадставіла с. Аліцыя Шадурская SSND, якая казала пра важнасць хрысціянскага выхавання ў самым малодшым узросце. Сястра заўважыла, што першыя гады дзяцінства – час асаблівы ў выхаванні, калі маленькі чалавек пачынае фарміравацца як асоба. Дакладчыца адзначыла, што хрысціянскае выхаванне адбываецца ў першую чаргу пры дапамозе катэхізацыі, калі “чалавек разумее, што ён не адзін”, што “ўсе свае справы можна аддаць у рукі Бога і праз заступніцтва Марыі і святых прасіць аб неабходных ласках”.

Сястра дадала, што матывацыяй для кожнага катэхета павінна быць вера і давер Богу, якія трэба несці тым, каго Бог ставіць на шляху. “Сэрца кожнага катэхета павінна быць напоўнена малітвай”, – адзначыла дакладчыца, а таксама заўважыла, што яшчэ адна важная рэч у катэхізацыі – творчасць.

Сустрэча катэхетаў завяршылася святой Імшой у гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Ад імя Касцёла іерарх выказаў падзяку ўсім тым, якія працуюць на полі катэхізацыі, і адзначыў, што гэта вялікая і адказная задача, якая ляжыць на кожным катэхеце. “Гэта задача, якая спрыяе змене аблічча нашага краю і фармавання чалавечых сумленняў”, – дадаў біскуп.

Гамілію прамовіў кс. Юрый Марціновіч, які, разважаючы над чытаннем Евангелля гэтага дня, дзе Хрыстус заахвочвае вучняў быць адважнымі, адзначыў: “Адвазе нам трэба вучыцца ўсё жыццё. Толькі той, хто здолее паступова вырашаць усё больш складаныя задачы, здольны да самапрысвячэння і ахвярнасці. Адвага патрабуе прымаць сапраўды цяжкія і рызыкоўныя рашэнні. Чалавек адважны мусіць здзяйсняць вялікія ўчынкі, цалкам прысвячаць сябе, спрыяць дабру, быць верным абавязкам і Евангеллю. І такім адважным можа і павiнен быць кожны з нас”.

Святар дадаў, што ў штодзённым служэнні катэхета не можа не мець адвагі. Ксёндз Юрый Марціновіч звярнуў увагу, што хрысціянства, як вучыць Папа Францішак, “з’яўляецца адважным абвяшчэннем Езуса Хрыста ажно да мучаніцтва”.

(JM)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.