Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Гродне асвяцілі крыж і зямлю пад будаўніцтва новага касцёла
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
25.05.2015 12:48

24 мая ў Гродне ў мікрараёне Альшанка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў крыж і зямлю пад будаўніцтва новага касцёла (на скрыжаванні вуліц Багушэвіча і Караткевіча). Ва ўрачыстасці асвячэння ўдзельнічалі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, духавенства і шматлікія вернікі. У 2012 г. па ініцыятыве біскупа ў Гродне з’явілася новая парафія Святога Духа, першым пробашчам якой стаў кс. Павел Салабуда.

Радасць усяго Касцёла


Невыпадкова Божы Провід так кіруе ўсімі справамі, што вернікі ў той дзень, на які прыпадала ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, сталі сведкамі незвычайнай і вельмі важнай для ўсяго Касцёла падзеі асвячэння пляцоўкі пад будаўніцтва новай святыні. Гэты дзень стаў вельмі радасным і гістарычным для ўсёй парафіяльнай супольнасці, для горада Гродна і ўсёй дыяцэзіі.

У вачах многіх прысутных заўважалася вялікая радасць. Прагненнем усіх было мець уласную святыню, дзе будуць сустракаць Бога на малітве. Не палохаючыся цяжкасцяў, звязаных з будоўляй касцёла, парафіяне на ўсё, што чакае іх у будучыні, глядзяць з надзеяй і верай, давяраюць, што Пан Бог пашле ім адпаведных людзей, якія змогуць духоўна і матэрыяльна падтрымаць гэту ініцыятыву.

Пабудаваць парафіяльны Вячэрнік


Урачыстую Імшу, на якой была асвечана пляцоўка і крыж, цэлебраваў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

У гаміліі біскуп падкрэсліў значэнне і ролю Святога Духа ў хрысціянскім жыцці, які заўсёды суправаджае Касцёл і чалавека. «Патрэба, каб Святы Дух нас суцяшаў, азначае ўзмацненне нашай веры, узбагачэнне звышнатуральнага жыцця, раз’ясненне гарызонтаў нашага мыслення, якое часта вельмі зямное, поўнае страху і няўпэўненасці», — дадаў іерарх.

Кажучы пра парафіяльную святыню, якая павінна паўстаць, біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што яна стане «парафіяльным Вячэрнікам». «Вы будзеце прыходзіць у гэты Вячэрнік, каб атрымаць ад Хрыста самае каштоўнае — Яго збаўчае Слова і Найсвяцейшае Цела. Вы будзеце сюды прыходзіць, каб адчуць моц і любоў Бога ў святых сакрамэнтах. Вы будзеце прыходзіць у гэты касцёл цэлымі сем’ямі, каб яны былі моцныя Богам. Каб вы самі маглі адчуць, што разам з’яўляецеся членамі іншай, яшчэ большай сям’і — парафіі», — казаў іерарх.

Біскуп дадаў, што гэты парафіяльны Вячэрнік будзе месцам, дзе «парафіяне будуць вучыцца сустракаць Хрыста ў іншым чалавеку, прыходзіць да яго з дапамогай, дзяліцца з ім радасцю веры».

«Як Апосталы, сабраныя ў Вячэрніку ў чаканні спаслання Святога Духа, аднадумна трывалі на малітве, вы будзеце аднадумна прасіць Хрыста аб стойкасці ў веры для сябе і для сваіх блізкіх, а таксама аб дары веры для тых, хто яшчэ яе не мае», — сказаў біскуп.

Чакае нялёгкае заданне


Іерарх нагадаў, што вернікаў гэтай парафіяльнай супольнасці чакае вялікае і нялёгкае заданне — пабудова святыні будзе каштаваць немалых сіл, працы і ахвяр.

«Я веру, што Святы Дух, Заступнік вашай супольнасці, aдорыць кожнага з вас святлом, мужнасцю, сіламі і надзеяй у гэтай Божай справе — будаўніцтве вашага Вячэрніка», — дадаў біскуп.

Прыгожае надвор’е і прыгожа падрыхтаваная святочная літургія дадала радасці кожнаму, хто прымаў удзел у гэтых урачыстасцях. Кожнае дзіця ў гэты дзень атрымала паветраны шарык, а на заканчэнне Імшы ў неба выпусцілі трох белых галубоў. Голуб — сімвал Святога Духа, які і апякуецца гэтай парафіяй. Апостал Павел казаў: "Ніхто не можа сказаць: “Панам ёсць Езус”, калі не будзе ў Духу Святым" (1 Кар 12, 3), няхай жа вернікі гэтай супольнасці з дапамогаю Святога Духа пабудуюць дом для Пана, няхай Пан будзе ў іх сэрцах.

Парафія ў лічбах на сённяшні дзень


Парафія Святога Духа ў Гродне вельмі маладая. За вельмі кароткі час у гэтым раёне былі пабудаваны шматпавярховыя дамы, у якіх жывуць маладыя сем’і. Сёння ў парафіі налічваецца каля 2500 вернікаў, і гэта пераважна маладыя бацькі з дзецьмі.

На катэхезу прыходзіць усё больш дзяцей — вучні малодшых класаў. Пакуль няма моладзі, але дзеці — будучыня парафіі. На сённяшні дзень у мікрараёне пражывае каля 10000 чалавек, але павінна быць каля 70000. У мікрараёне Aльшанка ўжо пабудавана школа, два дзіцячыя садкі (будуецца трэці), два вялікія магазіны, амбулаторыя.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.