Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў Рандзілоўшчыне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
01.06.2015 15:33

31 мая, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Рандзілоўшчыне (Гродзенская дыяцэзія, Дзятлаўскі дэканат).

Таксама ў гэты дзень пробашч парафіі кс. Андрэй Пушынскі дзякаваў Богу за дар святарства, адзначаючы 5-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння.

Ксёндз Андрэй Пушынскі, які скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, стаў пробашчам парафіі ў Рандзілоўшчыне адразу пасля пасвячэння. Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, прызначаючы пробашчам такога маладога святара, убачыў у ім сталага душпастыра і ўсклаў на яго плечы цяжкасці і радасці гэтага служэння.

У адноўленым касцёле, упрыгожаным мноствам кветак, бачны быў у гэты дзень найвялікшы плён працы многіх пакаленняў вернікаў і самога пробашча: моладзь, якая прымала сакрамэнт канфірмацыі.

Звяртаючыся да прымаючых сакрамэнт, біскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі прасіў іх не баяцца ўзяць адказнасць за Касцёл, бо гэты сакрамэнт чыніць іх сталымі хрысціянамі, што азначае, што яны павінны не толькі публічна вызнаваць веру, але і бараніць.

Па словах іерарха, кожная кветка павінна даваць не толькі прыгажосць і водар, але і плён; кветка без паху – гэта як чалавек без цноты, таму біскуп прасіў ужо сталых католікаў даваць сведчанне Евангелля праз захаванне Божых запаведзяў і жыццё, поўнае хрысціянскай любові да бліжніх.

Біскуп звярнуўся таксама да родных моладзі, якая прымала сакрамэнт канфірмацыі, і сведкаў, каб яны ў жэсце ўскладання рук на плечы кандыдатаў перадалі ім рэлігійную спадчыну свайго жыцця.

Іерарх адзначыў, што, прымаючы гэты дар ад сведкаў, кандыдаты павінны не толькі прыняць і захаваць яго, але і старацца развіваць сваім жыццём, поўным перажывання радасці Евангелля, каб потым перадаць гэты дар, яшчэ больш трывалы і багаты, наступным пакаленням.

На заканчэнне ўрачыстай Імшы парафіяне павіншавалі свайго пробашча, не хаваючы радасці і ўдзячнасці за служэнне руплівага святара.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.