Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
V Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці прайшоў у Гродне: місіянеры радасці пасланы ў свет
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
02.06.2015 15:56

1 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі адбыўся V Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці. Сёлета свята праходзіла пад дэвізам «Хачу быць місіянерам радасці!». Мэтай арганізатараў было паказаць дзецям шлях да радасці, а таксама паказаць, што місіянерам можа быць кожны і для гэтага няма неабходнасці ехаць кудысьці ў далёкія краіны.


Сапраўдная «краіна радасці»

У «краіну радасці» ў гэты дзень прыбыло каля 2 тысяч дзяцей з усёй Гродзенскай дыяцэзіі. Таксама ўдзельнічалі дзеці з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (Гатава, Маладзечна, Нясвіжа). Пры ўваходзе на тэрыторыю свята валанцёры і аніматары Дня дзіцяці малявалі ўсім удзельнікам на тварах смайлікі: гэта быў своеасаблівы пропуск.

Святу спрыяла добрае надвор’е. Арганізатары падрыхтавалі для ўдзельнікаў мноства разнастайных сюрпрызаў і забаўляльную праграму. Былі забавы ад «КРИО-ШОУ»; праца творчых майстэрняў, дзе дзеці маглі маляваць, ляпіць розныя рэчы з гліны, пластыліну; салон прыгажосці, дзе маленькія ўдзельнікі маглі замовіць сабе прычоску або атрымаць малюнак спецыяльнымі фарбамі на твары.

Па традыцыі доўгія чэргі дзяцей сталі каля ўваходу да батутаў. Таксама ў праграме былі розныя спартыўныя спаборніцтвы, дзе дзеці маглі паказаць свае здольнасці ў спорце.

Маленькія місіянеры радасці

V Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці ўрачыста распачаўся з самай раніцы. Яго адкрыў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які пажадаў дзецям добрай забавы і заахвоціў быць місіянерамі радасці ў сваім бліжэйшым акружэнні.

Затым распачаліся забавы, у якіх з радасцю ўдзельнічалі ўсе дзеці. Арганізатары паклапаціліся і аб самых малодшых удзельніках, так што самыя маленькія дзеці, якіх неслі на руках бацькі, маглі адчуць сапраўдную радасць. З вялікім апетытам удзельнікі свята таксама спрабавалі кашу, прыгатаваную ў палявой кухні.

Цэнтральным пунктам Дня дзіцяці была святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у інтэнцыі ўсіх дзяцей дыяцэзіі. Іерарх выказаў радасць з гэтай сустрэчы і адзначыў, што такія мерапрыемствы вельмі патрэбныя, бо ўплываюць на выхаванне хрысціянскага духу ў дзяцей і дапамагаюць фармаваць іх сумленне.

Для многіх дзяцей гэтае свята было падзякай за дар Эўхарыстыі, бо яны ў гэтым годзе прынялі Першую святую Камунію. Яны прыбылі ў Гродна, каб дзякаваць за гэты вялікі дар і хваліць Бога, які, як яны спявалі падчас Імшы, «добры, як хлеб».


«Ідзіце па ўсім свеце...»

V Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці скончыўся абрадам рассылання маленькіх місіянераў у свет. Прадстаўнікі кожнай парафіі атрымалі з рук біскупа Аляксандра Кашкевіч запаленыя свечкі і пасланне, у якім арганізатары напісалі: «Місіянер – гэта той чалавек, які выязжае ў далёкія краіны, каб расказаць людзям пра Бога, дзяліцца радасцю і міласэрнасцю, як Пан; дапамагаць у цяжкую хвіліну. Місіянерамі бываюць святары і законныя сёстры, але таксама можам быць і мы, кожны з нас. Мы можам гэта рабіць нават сёння, нават зараз, кожны наш дзень несці Езуса ў сэрцы іншых людзей».

Арганізатары заахвоцілі дзяцей быць місіянерамі радасці і пералічылі канкрэтныя місіі для кожнага ўдзельніка свята: «любіце сваіх ворагаў», «усім, хто просіць, — давайце, і не патрабуйце нічога ўзамен», «рабіце людзям тое, што хочаце для сябе», «будзьце міласэрнымі, як і Пан міласэрны», «не судзіце, і вас не асудзяць», «прабачайце, і вам прабачаць», «рабіце людзям дабро», «маліцеся за сваіх крыўдзіцеляў».

Спецыяльнае слова да ўсіх удзельнікаў Дня моладзі скіравала місіянерка сястра Паўла Волчэк CSFN, якая калісьці займалася катэхізацыяй у Гродне, а тры гады знаходзіцца на місіях у Аўстраліі. Сястра падзялілася ў сваім лісце тым, што перажывала кожны дзень падчас служэння ў Аўстраліі, і заахвоціла дзяцей быць місіянерамі, «бо быць місіянерам сёння можа, а нават павінен, кожны». Законніца заклікала дзяцей не баяцца быць місіянерамі радасці, несучы радасць кожны дзень да ўсіх і ўмеючы ёю дзяліцца.

На заканчэнне кожны з удзельнікаў атрымаў памятныя падарункі ад арганізатараў, у тым ліку магніты, якія будуць нагадваць пра «краіну радасці».


Падзяка Богу

Галоўны арганізатар Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці ксёндз Юрый Марціновіч, які з’яўляецца ініцыятарам сустрэчы дзяцей у Гродне, выказвае вялікую падзяку перадусім тым, хто актыўна ўключыўся ў падрыхтоўку свята. «Гэта доўгі спіс асобаў і арганізацый, якія духоўным і матэрыяльным чынам падтрымалі гэтую прыгожую справу, і немагчыма пералічыць іх усіх. Без маладых і дарослых валанцёраў і аніматараў, якіх было каля 100, немагчыма было б падрыхтаваць і так цудоўна рэалізаваць гэтае свята», — адзначае кс. Юрый Марціновіч.

«Богу няхай будзе падзяка за гэты час і за кожнага чалавека, якога Пан паставіў на нашым шляху. А ўсіх тых, хто ўнёс радасць, няхай Бог шчодра благаславіць», — дадае арганізатар.

V Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці завяршыўся, дзеці-місіянеры — радасныя, загарэлыя на сонцы, якое паслаў у гэты дзень Бог, — вярнуліся дадому з канкрэтнай задачай: змяняць сябе, сваё акружэнне, а праз гэта ўвесь свет.

Анастасія Мішкура
Фота Анастасіі Клімюк

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.