Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста ў Гродне: «Накрыць белым абрусам стол свайго сэрца»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
05.06.2015 01:44

4 чэрвеня святкаванне ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста адбылося ў Гродне. Урачыстасці ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Удзел прымалі таксама дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, гродзенскія святары, духавенства ўсходняга абраду.

У гэты вечар на вуліцах Гродна была вялікая колькасць католікаў, што пажадалі ўшанаваць найбольшую таямніцу веры, якой з’яўляецца Эўхарыстыя — рэальная прысутнасць Хрыста ў хлебе і віне.

Эўхарыстыя — найвялікшы скарб Касцёла

Вернікі Гродна ў гэты дзень узгадвалі Апошнюю Вячэру і перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста. Галоўная мэта гэтых урачыстасцяў — публічнае вызнаванне сваёй веры ў прысутнасць Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, адданне Яму пашаны і падзяка за ўсе ласкі, а таксама перапрашэнне за знявагі, учыненыя праз чалавечую слабасць і блюзнерства няверных.

Урачыстасці распачаліся святой Імшой у гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі біскуп адзначыў, што ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста ў Гродне мае для хрысціян надзвычай багаты змест. «Мы маем у ёй дачыненне да адной з найбольшых і найпрыгажэйшых таямніц нашай веры — таямніцы Эўхарыстыі, або Цела і Крыві Хрыста Пана», — заўважыў іерарх.



 

Кажучы аб працэсіі, якая праходзіла ў гэты дзень вуліцамі Гродна, біскуп назваў яе своеасаблівым сведчаннем, што «Найсвяцейшы Сакрамэнт з’яўляецца найвялікшым скарбам Касцёла, выразам неспасцігальнай і бязмежнай любові Бога да чалавека, дарам звышнатуральным, які яднае нас з Хрыстом».

Кажучы пра з’яднанне з асобай Езуса Хрыста, якое здзяйсняецца ў святой Камуніі, біскуп адзначыў, што да гэтай узнёслай хвіліны кожны чалавек павінен быць адпаведна падрыхтаваны. «Трэба ачысціць сваё сэрца, накрыць стол свайго сэрца белым абрусам і з нецярпеннем і радасцю чакаць, калі Ён прыйдзе», — сказаў гродзенскі ардынарый.

Эўхарыстыя — выраз удзячнасці



 

«У Эўхарыстыі Пан Езус застаўся з намі, і не толькі ў святы, але на кожны дзень, назаўсёды, аж да канца свету. Пан Езус застаўся з намі, каб быць нашым найлепшым Сябрам, каб даць нам дапамогу і палёгку ў цярпеннях, каб стаць нашай штодзённай ежай у зямной пілігрымцы да дому Айца», — заўважыў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Іерарх заахвоціў усіх удзельнікаў Імшы да падзякі Богу за дар Эўхарыстыі. «Сёння мы стаім перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і намагаемся ахінуць нашымі думкамі праўду пра Бога, прысутнага ў малой белай Гостыі. Гэты Бог вельмі блізкі, поўны любові і клопату пра кожнага з нас. Падзякуем Яму за дар жыцця, якое нам даў. Падзякуем за дар адкуплення, якое здзяйсняецца ў Эўхарыстыі», — сказаў біскуп.



 

Пасля Імшы распачалася працэсія па вуліцах Гродна. Эўхарыстычныя алтары былі пабудаваны перад катэдральным, пабернардынскім, пабрыгідскім і францішканскім касцёламі. Музычнае аздабленне ўрачыстасці падрыхтаваў гродзенскі хор «Cantate Domino».

Працэсія завяршылася спевам гімна «Цябе, Бога, праслаўляем» перад францішканскім касцёлам. Вернікі атрымалі благаслаўленне, каб, умацаваныя ласкай Бога, вярнуцца да штодзённых спраў.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў прысутным за сведчанне веры ў адзінага Бога, выказаў падзяку таксама ўсім службам і дзяржаўным уладам за дапамогу ў правядзенні працэсіі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.