Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Іўе: шэраг духоўных падзей для парафіяльных дзяцей
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
10.06.2015 18:15

У парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі апошнім часам прайшоў цэлы шэраг парафіяльных мерапрыемстваў.

Першую Камунію атрымала 77 асоб, сярод якіх было некалькі дзяцей з прыёмнай сям'і.

Падрыхтоўкаю да гэтага важнага ў жыцці малодшых вернікаў сакрамэнту займалася с. Ірэна Бучынская.

Пасля заканчэння т.зв. «Белага тыдню», калі дзеці, якія прынялі Першую Камунію, з панядзелка па суботу наведваюць святую Імшу, пробашч парафіі кс. Ян Гавецкі арганізаваў для іх паездку ў Тракелі.

«Каля цудадзейнага абраза Маці Божай Тракельскай дзеці дзякавалі за дар Эўхарыстыі ў іх жыцці, а я складаў падзяку за 25 гадоў маёй святарскай паслугі», — падзяліўся кс. Ян Гавецкі.

З пачаткам лета ў парафіі распачаліся «Канікулы з Богам», першы тур якіх праходзіў з 1 па 7 чэрвеня.

Удзельнікі хрысціянскіх канікул з Іўя ва ўзросце ад 5 да 13 гадоў штодня распачыналі свой дзень святой Імшой у 9.00. Пасля Імшы разам са старэйшай моладдзю, якая выконвала абавязкі аніматараў-памочнікаў, яны праводзілі час у трох групах. Дзейнасць першай групы была прысвечана вывучэнню Бібліі, цікавасць да якой у дзяцей прывівалася дзякуючы маляванню і лепцы з пластыліну.

Другая група займалася праглядам хрысціянскіх фільмаў, а трэцяя збірала аматараў спартыўных гульняў.

У першым туры, які арганізоўваўся для дзяцей з Іўя, паўдзельнічала 89 асоб.

Другі тур, які распачнецца 15 чэрвеня, будзе праводзіцца для дзяцей з навакольных вёсак.

Акрамя таго, 7 чэрвеня вуліцамі Іўя, упрыгожанымі дыванамі з кветак і эўхарыстычнай сімволікай, прайшла працэсія Божага Цела. У ёй таксама сярод удзельнікаў былі як дзеці, што прынялі сёлета Першую Камунію, так і наведвальнікі «Канікул з Богам».

Аксана Ючкавіч

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.