Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юзаф Станеўскі на заканчэнне актавы Божага Цела маліўся з вернікамі парафій у Галынцы і Перстуні
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.06.2015 12:32

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі на заканчэнне актавы Божага Цела маліўся разам з вернікамі парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Галынцы і парафіі Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Перстуні, дзе пробашчам з’яўляецца кс. Павел Гедройць, дэкан Сапоцкінскага дэканату.

Па словах біскупа, выбар парафій быў невыпадковым, бо гэтыя парафіі захоўваюць традыцыі, развіваючы веру продкаў. А паколькі гэта вясковыя парафіі, іерарх быў прыемна ўражаны вялікай колькасцю дзяцей, трымаючых традыцыйныя для заканчэння актавы Божага Цела вяночкі.

Акрамя гэтага, у дадзеных парафіях на заканчэнне актавы Божага Цела, ці васьмі дзён пасля ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, традыцыйна адбываліся працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол касцёла і спевы нешпараў.

У гэты час парафіяне прасілі Бога ў малітвах, спевах, літаніях і суплікацыях, каб адорваў сваёй ласкай і дабрынёй, атачаў апекай сем’і, нашу краіну, лясы і палі; прасілі, каб зямля была вольнай ад усялякіх стыхійных бедстваў, каб прыносіла шчодрыя плёны і каб добрым быў ураджай.

У гаміліі падчас Імшы біскуп Юзаф Станеўскі нагадаў аб значэнні працэсіі Божага Цела. Па словах іерарха, у гэтай працэсіі рэлігійная рэчаіснасць пераносіцца бачным чынам у месцы, якія для нас не асацыююцца з Богам і малітвай: Хрыстус праходзіць паміж дамоў, крамаў, прыпынкаў. Дарогі, якімі штодзённа ходзяць людзі і транспарт, у гэты выключны дзень становяцца, як дадаў біскуп, месцам публічнага вызнавання веры і любові да Бога. Працэсія Божага Цела нагадвае, адзначыў іерарх, што існуе нешта большае за зямныя справы, што Бог сапраўды прысутны ў свеце і дадзеным горадзе, што ў вандроўцы праз жыццё мы не самотныя, бо “Хрыстус уступіў на нашы шляхі і ўчыніў іх сваімі шляхамі”.



 

Таксама біскуп падзякаваў парафіянам за захаванне традыцый лакальнага Касцёла, якія праяўляюцца, у прыватнасці, у асвячэнні вянкоў, зробленых з кветак і траваў, сімвалу Божых дароў, якімі Стварыцель шчодра адарыў зямлю, людзей і ўсялякае стварэнне.

Традыцыя продкаў кажа, нагадаў іерарх, што такі вянок, вывешаны ў акне, над уваходнымі дзвярамі або за абразом, захоўваецца ўвесь год, да наступнай актавы Божага Цела, а праз год яго можна спаліць. Вянок не выкідваюць, бо ён асвечаны. Асвечаныя вянкі не проста захоўваюцца: яны бароняць ад буры і пажараў, граду і шкоднікамі на палях. Зелле з вянкоў ўжываецца для лекавых гарбат, акаджэння раслін і жывёл, а таксама дамоў ад злога духа.

На заканчэнне біскуп Юзаф Станеўскі благаславіў шматлікіх прысутных дзяцей, пажадаўшы ім радаснага і благаслаўлёнага часу канікул з Богам.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.