Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Ваўкавыску адбылося асвячэнне касцёла
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
15.06.2015 16:01

13 чэрвеня ў парафіі Св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску адбылося асвячэнне касцёла. На ўрачыстасць прыбылі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Па традыцыі моладзь парафіі прывітала Апостальскага Нунцыя пры касцёльнай браме караваем і соллю. Каля святыні сабралася ўся парафіяльная супольнасць і шматлікія госці. Вернікі парафіі перадалі арцыбіскупу ключ ад касцёла, і прадстаўнік Папы па іх просьбе ўрачыста адчыніў дзверы святыні.

Працэсіяй духавенства і вернікі ўвайшлі ў будынак касцёла. Пасля малітвы пры Найсвяцейшым Сакрамэнце іерархаў прывіталі дзеці, моладзь і пробашч парафіі.

Падчас святой Імшы Апостальскі Нунцый благаславіў ваду і акрапіў ахвярны стол, алтар і сцены. Хор і ўсе прысутныя праспявалі гімн “Хвала на вышынях Богу”.

У гаміліі Апостальскі Нунцый нагадаў пра вялікую любоў Бога і пра тое, што кожны вернік з’яўляецца тым жывым каменнем, з якога і будуецца Хрыстовы Касцёл.

Пасля Літаніі да Усіх Святых арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці прамовіў малітву асвячэння касцёла, і іерархі намасцілі сцены святыні. Апостальскі Нунцый акадзіў касцёл і ўсіх прысутных.

Падчас урачыстага прынясення дароў, у якім удзельнічалі ад самых маленькіх да сталых парафіян, былі складзены ў дар маленькае ягня, свечкі, кветкі, хлеб і віно, садавіна і гародніна, ружанец.

На заканчэнне ўрачыстасці арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і біскуп Аляксандр Кашкевіч благаславілі прысутных.

Парафiяне шчыра падзякавалi іерархам за асвячэнне касцёла, а таксама пробашчу парафіі ксяндзу Алегу Дулю за яго ахвярнае служэнне і ўсім прысутным за ўдзел ва ўрачыстасці.

Ксёндз Алег Дуль скiраваў словы ўдзячнасцi арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці i біскупу Аляксандру Кашкевічу, а таксама ўсім тым, хто прымаў удзел у будаўніцтве касцёла.

Варта адзначыць, што асвячэнне новага касцёла адбылося ў год, калi парафiя адзначае 90-годдзе заснавання. Парафіяне вераць, што Езус Хрыстус назаўжды будзе жыць у гэтым касцёле і ў іх сэрцах, а яны будуць з вялiкай любоўю ўсхваляць Яго ў сваёй святынi.

Аліна Мурончык
Фота Марыны Сінкевіч, catholicnews.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.