Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Верцялішках асвяцілі крыж і зямлю пад будаўніцтва новага касцёла
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
17.06.2015 16:04

14 чэрвеня ў Верцялішках каля Гродна біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў крыж і зямлю пад будаўніцтва новага касцёла. Ва ўрачыстасці асвячэння ўдзельнічала духавенства і шматлікія вернікі.

У будучыні на гэтым месцы будзе ўзведзены касцёл Святой Сям’і. Вернікі, якія тэрытарыяльна належаць да гэтай парафіяльнай супольнасці, глядзяць у будучыню з вялікай надзеяй, бо мець уласную святыню – жаданне кожнага з іх.

Пробашч парафіі кс. Яўген Барысюк сардэчна прывітаў усіх удзельнікаў Імшы і выказаў надзею, што Святая Сям’я – Езус, Марыя і Юзаф – дапамогуць у прыгожай справе, якой з’яўляецца будаўніцтва новага касцёла.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч, адзначаючы, што гэтая маладая парафіяльная супольнасць абрала сваімі апекунамі Святую Сям’ю, дадаў: “Гэта вялікі заклік для ўсіх нашых сучасных сем’яў, каб былі моцныя Богам. Сёння нашай краіне патрэбна моцная сям’я, якая абапіраецца на Пана Бога і Божыя запаведзі”.

Іерарх заахвоціў усе сем’і, якія ўваходзяць у гэтую парафіяльную супольнасць, будаваць бачны касцёл, якім з’яўляецца будынак, і духоўны Касцёл, які ўтвараюць людзі.

Вернікі падзякавалі біскупу за асвячэнне крыжа і зямлі і ўдзяленне пастырскага благаслаўлення на час будаўніцтва парафіяльнай святыні.

Кс. Юрый Марціновіч


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.