Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Малюскі ўзростам 450 млн год - у падлозе гродзенскіх касцёлаў
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
24.06.2015 11:33

Шмат таямніцаў беларускай гісторыі яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў. Адна з іх ляжала у католікаў Гродна проста пад нагамі.

"Хто ведаў, што на падлозе фарнага і бернардынскага касцёлаў ляжаць пліты, на якіх бачны скамянелыя ракавіны галаваногіх малюскаў, якія жылі 450 млн год таму?" - пытаецца блогер Мечыслаў Ян Супрон.

Архіўныя крыніцы і інвентары касцёла ўзгадваюць аб "шведскім камяні", якім была пакрыта падлога ўнутры касцёлаў. "Шведскі камень", "шведскі мармур", "lapis sueticus", "шведская падлога" або "вазоўская падлога" - назва папулярнага і вельмі дарагога каменя, які быў распаўсюджаны на нашых землях у XVI - XVIII ст. Патрапіў ён са Скандынаўскага паўвострава, менавіта - са Швецыі, адсюль і такая назва.

У нас такі камень замаўлялі ў асноўным магнаты, самая заможная шляхта і каталіцкія ордэны, асабліва цыстэрыяне, бернардыны і езуіты. Сапраўды, у Гродне са "шведскага каменю" выкладзена падлога ў паезуіцкім і пабернардынскім касцёлах, магчыма, ім былі аздоблены і іншыя храмы, якія не захаваліся да гэтага часу.

 

У шведскіх каменяломнях пароду калолі на квадратныя кавалкі ад 20 да 55 см (у залежнасці ад заказу) і паліравалі пры дапамозе цяглавай сілы. Затым гатовы матэрыял транспартаваўся ў порт Гданьска, адкуль развозіўся па ўсёй Еўропе, у тым ліку і ў Гродна. У наш горад камень прыплыў па Нёмане на плытах.

Гэтым каменем аздабляліся капліцы, касцёлы, надмагільныя пліты. Характэрнай рысай каменя, які мае асадкавае паходжанне і адносіцца да ардавікскага перыяду, з'яўляецца адсутнасць устойлівага колеру: каменныя пліты маюць шэры і чырвоны колеры.


Іншай важнай прыкметай пароды з'яўляецца прысутнасць палеазаалагічных акамянеласцяў, галоўным чынам галаваногіх малюскаў Ortoceras i Endoceras. Гэтыя вымершыя марскія жывёлы мелі конусападобную выцягнутую ракавіну, даўжыня якой дасягала 4 м (!), але ў асноўным не перавышала 30 см. Пры небяспецы малюскі маглі хаваць у ёй галаву і шчупальцы.

Аўтар зацемкі прыклаў да свайго тэксту фотаздымкі акамянеласцяў, якія былі зроблены ў фарным касцёле.


Мечыслаў Ян Супрон, (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.