Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Трэці дзень VII Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі быў прысвечаны тэатру
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
25.06.2015 11:53

Трэці дзень VII Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, 24 чэрвеня, быў прысвечаны тэатру – аднаму з элементаў трыяды “святыня – тэатр – спорт”, з якіх складаецца парафіяда. Пасля папярэдняга дня, калі маладыя вернікі ўдзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах, праграма гэтага дня дала ім магчымасць выявіць свае веды і таленты.

Дзень пачаўся ранішняй малітвай у гродзенскім парафіяльным касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, пазней адбылася святая Імша ў касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля. Імшу для ўдзельнікаў парафіяды ўзначаліў кс. Андрэй Радзевіч.

У гаміліі святар падкрэсліў значэнне кожнага з элементаў парафіяды: святыні, театру і спорту. Ксёндз Андрэй Радзевіч нагадаў, што сімвал святыні – крыж, і дадаў, што, калі б у кожнага з нас не было моцнай веры ў тое, что Езус Хрыстус памёр за нашы грахі, для нашага збаўлення, не было б сучаснага Касцёла наогул, не было б сэнсу яго існавання. Кажучы пра тое, што сімвал театру - тэатральная  маска, святар заўважыў, што сапраўдны хрысціянін не адзявае маску, а застаецца самім сабою ў любых жыцевых сітуацыях, дае прыклад іншым.

Нагадваючы, што сімвал спорту – мяч, ксёндз Андрэй Радзевіч адзначыў, што кожная супольнасць, сям’я складаецца з частак, як і мяч. Калі рвецца адна з частак, мяч псуецца і яго можна выкінуць: тое самае і з сям’ёй, кожнай супольнасцю, нашым акруженнем, - як паветра напаўняе мяч знутры, так Дух Святы, па словах святара, павінен напаўняць кожнага з нас, і Касцёл, як ніхто іншы, дапамагае напоўніць Духам Святым нутро чалавека.

«Тэатр» стаў часам, калі дзеці і моладзь маглі праявіць свае артыстычныя здольнасці, таленты праз удзел у конкурсах. У розных узроставых катэгорыях праходзілі спаборніцтвы ў конкурсе рэлігійнай песні “Музыка - маё жыццё”, біблійным спаборніцтве, конкурсе ведаў з гісторыі і жыцця Касцёла, музычным конкурсе “Sacro Song”, конкурсе малых тэатральных формаў.


Вечарам адбылося прадстаўленне з удзелам аніматараў у гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля, якая ўвесь гэты дзень прымала ўдзельнікаў парафіяды.


Таксама былі ўзнагароджаны пераможцы конкурсу з гісторыі і жыцця Касцёла, конкурсу рэлігійнай песні “Музыка - маё жыццё” і пераможцы спартыўных спаборніцтваў (бег на 60 і 100 метраў, шашкі).

Дзень завяршыўся супольнай малітвай.

Каталіцкі Касцёл прыкладвае шмат старанняў, каб выхоўваць маладое пакаленне ў культуры слова і ўчынку. З гэтай мэтай адбываюцца і падобныя мерапрыемствы, на якіх удзельнікі між іншым вучацца культуры слова і самі ствараюць культуру быцця.


Яраслаў Занеўскі

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.