27 чэрвеня ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэннe тром навучэнцам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Новымі святарамі Гродзенскай дыяцэзіі сталі: кс. Дзмітрый Папенюк з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзярэчыне, кс. Юрый Садоўскі з парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Астраўцы і кс. Віталій Пяткевіч з парафіі Святога Міхала Арханёла ў Ашмянах.
Святасць – крыніца радасці
Ва ўрачыстай святой Імшы ўдзельнічалі святары, выкладчыкі і выхавацелі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, родныя новапрэзбітэраў і шматлiкiя вернiкi. Кандыдатаў прадставіў біскупу Аляксандру Кашкевічу рэктар семiнарыi кс. Раман Рачко.
У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч нагадаў вернікам і кандыдатам да пасвячэння сутнасць служэння прэзбітэраў. Як адзначыў іерарх, святары з’яўляюцца супрацоўнікамі біскупаў, яны злучаны з біскупамі ў святарскім служэнні і пакліканы служыць народу Божаму.
«З моманту прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння ў імя Хрыста Настаўніка вы будзеце спаўняць служэнне навучання сярод давераных вам, — сказаў біскуп, звяртаючыся да кандыдатаў. — Няхай ваша навука будзе пасілкам для народу Божага, няхай святасць вашага жыцця стане крыніцай радасці для вызнаўцаў Хрыста. Такім чынам вы словам і прыкладам будзеце будаваць дом Божы, гэта значыць Касцёл».
«З нястомнай радасцю і сапраўднай любоўю спаўняйце служэнне Хрыста Святара, не шукаючы ўласнай карысці, але Яго хвалы», — дадаў іерарх.
Вернасць Хрысту
Пасля гаміліі біскупа кандыдаты да пасвячэння склалі абяцанні, праз якія ўзялі абавязак вернага выканання святарскага служэння, пільнага і мудрага служэння Слова, цэлебрацыі святых сакрамэнтаў для асвячэння народу, малітвы і цеснага яднання з Хрыстом, Найвышэйшым Святаром.
На заканчэнне Імшы ад імя новапасвячаных святароў да прысутных звярнуўся кс. Юрый Садоўскі, які падзякаваў Богу за дар паклікання да службы ў Хрыстовым Касцёле, выказаў удзячнасць усім, хто паспрыяў таму, што зерне паклікання саспела і прынесла плён у сэрцах новапрэзбітэраў.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў сваім новым супрацоўнікам прыгожага святарства, якое будзе асвячаць іх саміх і набліжаць людзям вобраз Бога.
Іерарх падзякаваў таксама бацькам новапрэзбітэраў, a ўсіх прысутных заахвоціў да малітвы, цярпення, посту ў інтэнцыі святароў, «каб былі моцнымі і без сумненняў неслі ўсім Езуса Хрыста».
Кс. Юрый Марціновіч
|