Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святкаванні 625-годдзя Быстрыцы прайшлі ў мясцовай парафіі Узвышэння Святога Крыжа
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
28.06.2015 23:51

27 чэрвеня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Быстрыцы (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат) прайшлі святкаванні юбілею 625-годдзя Быстрыцы. Урачыстасці ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Падчас святой Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі больш чым 80 маладым вернікам.

“Памятайце, што Біблія – гэта кніга мудрасці, якая дае адказы на ўсе пытанні. Так сказаў Пушкін. Біблія нам кажа, хто такі Бог. Ён — наш стварыцель, а мы — Яго дзеці. Паміраюць каралі і цары, распадаюцца дзяржавы, а святая Імша адпраўляецца, як і раней – гэта словы Генрыка Сянкевіча, лаўрэата Нобелеўскай прэміі”, — адзначыў у гаміліі біскуп.

Іерарх распавёў выпадак з савецкіх часоў, калі ў Крэмль прыляцеў Прэзідэнт Францыі генерал дэ Голь. Паводле біскупа, паміж кіраўнікамі краін адбылася гутарка. “Леанід Ільіч, я — католік. І мой абавязак у нядзелю быць на службе, а не ў Крамлі. У вас ёсць касцёл?” – спытаў Прэзідэнт Францыі ў Брэжнева. Тады Брэжнеў спытаўся ў сваіх: ёсць у нас касцёл у Маскве? Так, так – адказалі яму, – але няма ксяндза. – А што рабіць тады? – Ну, на самалёт і ў Ленінград. Там ёсць касцёл і ксёндз. “Калі я быў на рэкалекцыях у Рызе, — працягнуў біскуп, — то бачыўся з гэтым святаром, і ён пацвердзіў мне: так, сапраўды, у мяне на Імшы быў сам Прэзідэнт Францыі генерал дэ Голь.

Біскуп закрануў таксама тэму Эўхарыстыі, нагадаўшы, што Цела і Кроў Хрыста даюць чалавеку вялікую сілу. “Хадзіце да споведзі, кожны дзень маліцеся раніцай і вечарам, штонядзелю прыходзьце ў касцёл, кожны месяц спавядайцеся і нікога не бойцеся!” – сказаў іерарх.

Біскуп звярнуў увагу і на цвярозасць: “Наша Беларусь! Што робіцца? Дзевяць з паловай мільёнаў жыхароў у нас і больш за мільён алкаголікаў. Як у нашых беларускіх вёсках, гарадках і мясцовасцях паспойваў д’ябал гэтай няшчаснай беларускай гарэлкай! Бачыце, для чаго нам патрэбна малітва, касцёл і сакрамэнты?”

Біскуп прыгадаў выказванне аднаго пракурора з Баранавіч, які заўважыў, што, паводле яго назіранняў, сярод вернікаў менш злачынцаў. “Бачыце? Як гэты пракурор, працаўнік юстыцыі, пацвярджае біблейскую праўду: дзе ёсць малітва, там няма граху, дзе няма малітвы, там ёсць грэх”, - зазначыў іерарх.

Біскуп закрануў і тэму Данбаса: “Вось і цяпер на ўсходзе Данбаса ані храма не было, ніякай рэлігіі. Шахцёры працавалі, клуб, кіно, спектакль, забаўляльныя мерапрыемствы, танцы, памятнікі Леніна. А крыжы былі? Хрыстус там быў? Малітва была? Не. І вось цяпер глядзіце, што робіцца. Таму, браты і сёстры, бойцеся толькі аднаго: каб д’ябал вас не адвёў ад Пана Бога".

Пасля ўдзялення сакрамэнту канфірмацыі і святой Імшы прысутныя памаліліся Літаніяй да Найсвяцейшага Сэрца Езуса і атрымалі ўрачыстае благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Свята працягнулася выступленнем харавых калектываў. На сцэне перад гледачамі выступілі хор “Голас душы”, хор “Czerwone maki”, ансамбль “Тутэйшая шляхта”.

Пробашч парафіі кс. Казімір Ляховіч у размове з сatholicnews.by між іншым падзяліўся сваімі асцярогамі адносна будучыні Быстрыцы. Пачаткі гэтай мясцовасці звязаны з 1390 годам, калі тут быў першы драўляны касцёл, збудаваны Ягайлам. Цягам стагоддзяў парафія развівалася і займела мураваную святыню. Цяперашні выгляд храм набыў 155 год таму. Раней суседнія Міхалішкі былі філіялам быстрыцкай парафіі, а горада Астраўца наогул не было. Цяпер моладзь з’язджае з вёскі ў гарады. У Быстрыцы за год адбываецца 10-11 хростаў і 30-33 пахаванні. Што тычыцца планаў, то пробашч парафіі марыць пра завяршэнне рамонту касцёла.

На пытанне, чаго сёння найбольш не хапае беларусам, святар адказаў: “Веры і чалавечнасці. Хоць мы, канешне, бывае, стогнем, што цяжка, але які-ніякі дабрабыт сёння ёсць у нас. І ён псуе чалавека. Гэты інтэрнэт, іншыя дасягненні цывілізацыі замінаюць людзям быць добрымі, міласэрнымі, звяртаць увагу на іншага чалавека. На жаль, гэта так. Таму неабходная сёння беларусам вера і чалавечнасць. Пра гэта і біскуп Казімір Велікаселец казаў моладзі на святой Імшы”. Святар пажадаў Быстрыцы як мінімум яшчэ 625 гадоў.

Паводле сatholicnews.by

(AG)

 

 

Фота сatholicnews.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.