Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
I зноў ажылі Тракелі: шматлікія пілігрымы прыбылі на свята
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
10.07.2015 21:41

10 ліпеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Тракельскай, Каралевы сем’яў, пачаліся адпустовыя ўрачыстасці. З розных бакоў Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама з-за мяжы ў санктуарый прыбылі пілігрымы.

Маленечкая вёска побач з Лідай на Гродзеншчыне вядомая ўсім. Менавіта туды прыцягвае Маці Божая Каралева сем’яў, тут Яна чакае кожнае дзіця, гасцінна прымае кожнага пілігрыма і дарыць сваю мацярынскую любоў.

Гэтак жа было і сёлета. На гэтыя два дні Тракелі ажываюць. Усе дарогі вядуць у гэтае святое месца. Радасныя воклічы і спевы спадарожнічаюць усім. Да Марыі ідуць дзеці і моладзь. На руках і ў калясках бацькі нясуць да Маці Божай сваіх дзяцей, каб даверыць іх лёс Пану Богу. Пілігрымамі ў гэтыя дні становяцца і людзі сярэдняга і старэйшага пакалення. Усіх іх злучае супольная малітва. Як адна сям’я, на каленях яны крочаць да Маці Божай, з вялікім даверам просяць Яе, каб атуліла сваім мацярынскім плашчом.

Ужо традыцыйна ўсіх пілігрымаў яшчэ па дарозе ў Тракелі вітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які благаславіў і дзякаваў за прыгожае сведчанне веры. Іерарх прасіў пілігрымаў аддаць Маці Божай усе свае цяжкасці і турботы, бо толькі Яна зможа перамяніць усё гэта ў незвычайную радасць.

У саміх Тракелях перад уваходам у санктуарый пілігрымаў сустракаў кусташ гэтага святога месца кс. Аляксандр Рудзевіч. З вялікай верай і хваляваннем пілігрымы ўваходзілі ў касцёл, у іх вачах можна было ўбачыць слёзы радасці. Вернікі ўваходзілі са спевам у санктуарый, дзе іх чакае Маці, якая заўсёды са сваімі дзецьмі, каб агарнуць сэрцам кожнага з іх.

Усяго ў санктуарый прыбыло шмат вернікаў у пешых пілігрымках. Найбольшай па колькасці стала пілігрымка з Гродна, якая прыйшла ў Тракелі ўжо ў 17-ы раз і налічвала больш за 370 чалавек. Вялікімі па колькасці ўдзельнікаў былі таксама пілігрымкі з Ашмянаў, Іўя, Навагрудка, Ваўкавыска, іншых мясцін.

Вернікі з дыяцэзіі, з усёй Беларусі і з-за мяжы – у прыватнасці, з Літвы – прыбылі ў санктуарый таксама на аўтамабілях.

Перад вернікамі ўся ноч чування на малітве, якую яны будуць у гэтым годзе асаблівым чынам узносіць у інтэнцыі сем’яў нашай краіны, просячы, каб тыя былі моцныя Богам.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.