Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Урачыстасці ў Тракелях: «Ратунак для душы – Божая любоў»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
11.07.2015 00:17

Урачыстасці ў санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях пачаліся 10 ліпеня марыйным зваротам. Усіх, хто прыбыў у пешых пілігрымках (у цэлым каля 2 тыс. чалавек), у арганізаваных групах і прыватнымі транспартнымі сродкамі, прывітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

“Вітаю ўсіх вас у доме Маці! Яна цешыцца сёння з вашай такой шматлікай прысутнасці, і Яна сёння прагне ўсім вам дапамагаць”, - сказаў гродзенскі ардынарый. Ужо на пачатку ўрачыстасцяў біскуп падзякаваў вернікам за гэтае відавочнае сведчанне веры і любові да Касцёла і Маці Божай.

Кожны з’яўляецца грэшным…

У межах сёлетніх урачыстасцяў у санктуарыі ў Тракелях прысутныя выслухалі канферэнцыю “Навяртанне ў кантэксце Фацімскага адкрыцця”, з якой выступіў кс. Андрэй Роўба, дэкан Лідскі і пробашч парафіі ў Вавёрцы.

У кантэксце Года навяртання, які перажывае Касцёл у Беларусі, святар нагадаў сабраным вакол палявога алтара пра тое, што кожны чалавек з’яўляецца грэшным, слабым і кожны мае патрэбу ў Богу. Ксёндз дэкан прапанаваў усім паглядзець у сваю душу, каб перад Богам прызнаць Яго веліч, дасканаласць і ўласную мізэрнасць.

“Углядаючыся ў глыбіні сваёй душы, мы можам убачыць, што ў цэнтры нашага сэрца стаім мы; там няма Бога, але там знаходзіцца кожны з нас. Таксама там няма сапраўднай любові, але любоў уласная. Любові дасканалай, любові Божай не хапае”, - заўважыў кс. Андрэй Роўба. Святар адзначыў, што гэты недахоп любові – прычына таго, што чалавек патанае ў слабасцях, “як у багне, па самыя вушы”.

...і патрабуе Божай міласэрнасці

 “Ратунак для душы – Божая любоў, адкрыццё на Божую ласку і міласэрнасць, на ўсё, што Бог чыніць для збаўлення чалавецтва”, - дадаў святар.

“Сёння Бог звяртае нашу ўвагу на неабходнасць таго, каб быць пакорным. Гэта сапраўды вельмі важна, каб Бог мог пасяліцца ў душы і здзяйсняць сваю волю ў ёй”, - зазначыў кс. Андрэй Роўба і дадаў, што праз пакорную душу Бог чыніць вялікія рэчы.



 

“Кожная душа павінна цешыцца тым, што Бог нястомна схіляецца над ёю, над яе слабасцямі, і нястомна прабачае ёй усё зло, што яна ўчыніла. Павінна цешыцца тым, што гэтая міласэрнасць такая велізарная, а яна, душа, – найменшая, бо менавіта з-за гэтай яе мізэрнасці Бог схіляецца над ёю”, - сказаў святар.

Патрэба пакоры

Ксёндз дэкан адзначыў, што Бог, схіляючыся над пакорнай душой, “вылівае цэлае мора сваёй міласэрнасці, каб абмыць кожную слабасць, ачысціць душу”, і гэты паток любові і міласэрнасці павінен быць нагодай для радасці.

У гэтым штодзённым навяртанні, якое павінна быць доўгім працэсам, а не толькі аднаразовай акцыяй, чалавека, па словах кс. Андрэя Роўбы, павінна суправаджаць Найсвяцейшая Маці. “Запросім жа Маці Езуса, і Яна будзе заставацца разам з намі. Будзе маліцца разам з намі, будзе заступацца за нас і прасіць, каб Езус спаслаў свайго Духа”, - дадаў святар.

Затым адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якую праводзіла моладзь з парафіі Ліда-Фара. Маладыя людзі праз прыгожы спеў і малітву праслаўлялі Езуса, дзякуючы Яму за тое, што ўчыніў сваю Маці таксама Маці кожнага чалавека.

Падчас адарацыі прысутныя дзякавалі Богу за дар людзей, пакліканых да служэння ў Касцёле, за хрысціянскія сем’і, якія выхоўваюць у веры наступныя пакаленні.

Кс. Юрый Марціновіч


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.