Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Варта пайсці за Хрыстом: у Тракелях прадставілі прэзентацыю ордэнаў і манаскіх кангрэгацый у Гродзенскай дыяцэзіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
11.07.2015 18:15

Аб тым, што кансэкраванае жыццё – гэта жыццё, прысвечанае сузіранню і апостальскім справам, казалі пілігрымам, сабраным у санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях, законнікі і законніцы, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі. У межах адпустовых урачыстасцяў у санктуарыі 11 ліпеня адбылася прэзентацыя манаскіх супольнасцяў.

Асобы кансэкраванага жыцця распавядалі падчас прэзентацыі аб сваім штодзённым служэнні, якое нярэдка застаецца незаўважным.



 

Касцёл захоўвае скарб шлюбу кансэкраванай асобы з Езусам Хрыстом. Выбраныя члены Касцёла звязаны гэтым шлюбам з Адкупіцелем свету. Кансэкраванае жыццё – гэта жыццё людзей, сабраных у імя Хрыста, якія трываюць разам з усведамленнем таго, што Пан пасярод іх.

Кажучы аб сваім шляху паклікання, кансэкраваныя асобы прыгадалі ўдзельнікам урачыстасцяў у Тракелях, што чалавек ідзе за Хрыстом, бо Ён паглядзеў на яго з любоўю. Жыццё евангельскімі радамі, як было адзначана, з’яўляецца вынікам унутранага спаткання з любоўю Хрыста – любоўю абрання. Гэтая любоў, як было сказана, ахоплівае ўсяго чалавека, яго душу і цела. І такім чынам асоба, абраная Богам для кансэкрацыі, ужо не належыць сама сабе, але Пану.



 

Кажучы пра сваё штодзённае служэнне Касцёлу, кансэкраваныя асобы заахвоцілі маладых людзей таксама мець адвагу, рашыцца на гэты крок – пайсці за Езусам. Яны адзначылі, што шлях, на які кліча Хрыстус, - прыгожы, бо гэта адмова ад катэгорыі “мець” на карысць катэгорыі “быць”. Вартасць убоства, як было дададзена, засноўваецца на тым, што чалавек глыбей уваходзіць у сваю чалавечнасць, становіцца ў поўні чалавекам, адносячы сваё жыццё да таямніцы Адкуплення.



 

Праз прэзентацыю кансэкраваныя асобы заахвоцілі да малітвы аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле і да прысвячэння свайго жыцця Хрысту, Евангеллю, братам і сёстрам, бо жніво вялікае, а працаўнікоў мала.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота Максіма Хаванскага


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.