Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юрый Касабуцкі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі ў Ваўкавыску
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
20.07.2015 10:49

18 ліпеня парафію Св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску наведаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Іерарх узначаліў у парафіі святую Імшу і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі.

Падчас прыняцця сакрамэнту канфірмацыі людзі свядома вызнаюць сваю веру, абяцаюць пабожна жыць і, калі будзе патрэбна, аддаць жыццё за Хрыста. Пры канфірмацыі вернiкi выбіраюць сабе другое імя, а значыць, яшчэ аднаго духоўнага заступніка – святога, які насіў гэтае імя.


Біскуп Юрый Касабуцкі, прывітаўшы прысутных, адзначыў, што адпаведна падрыхтаваныя ксяндзом Алегам вернікі прымуць Духа Святога і стануць рыцарамі Хрыста ў Касцёле, беручы на сябе абавязак з большай адвагай і ахвярнасцю ўдзельнічаць ў жыцці Касцёла і адказваць за яго развіццё і місію ў сучасным свеце. Але, як дадаў іерарх, прыняўшы дары Духа Святога, iх нельга “хаваць у шафу”, а пастаянна карыстацца гэтымі падарункамi з моманту iх атрымання.

Удзяліўшы сакрамэнт канфірмацыі вернікам рознага ўзросту (падлеткам, дарослым і сталым людзям), біскуп Юрый Касабуцкі звярнуўся да іх з пранікнёнымі словамі і пажадаў, каб яны выйшлі з гэтага месца адноўленымі і каб у веры былі падобнымі да апосталаў.

Напрыканцы святочнай Імшы, звяртаючыся да прысутных, біскуп яшчэ раз падкрэсліў важнасць жыцця з Хрыстом у сэрцы, жыцця паводле веры, і пажадаў далейшых поспехаў у развіцці парафіі.

Парафіяне, якія прынялі сакрамэнт канфірмацыі, шчыра падзякавалі біскупу і выказалі сардэчныя пажаданнi ў пастырскім служэнні.


(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.