Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гродзенская дыяцэзія ўшанавала вялікую групу жыхароў Гродна і Ліпска, што загінулі падчас Другой сусветнай вайны (+фота)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
20.07.2015 12:28

У ліпені адзначаецца чарговая гадавіна трагічнай падзеі для Гродна і суседняга Ліпска (сёння тэрыторыя Польшчы). У гэтым месяцы ў 1943 г. па дарозе з Гродна ў напрамку Сапоцкіна гітлераўцамі была расстраляна вялікая група жыхароў Гродна і Ліпска, сярод якіх былі як свецкія вернікі, так і гродзенскія святары.

Сярод ахвяр была Мар’яна Бярнацкая, сёння благаслаўлёная, якая прыняла мучаніцкую смерць, аддаючы жыццё за сваю цяжарную нявестку. Мар'яна Бярнацкая нарадзілася ў 1888 г. Бог, Яго закон і любоў да сям'і былі для яе каштоўнасцямі, важнейшымі за ўласнае жыццё. Падчас карнай акцыі гестапа яна ахвяравала сябе замест сваёй цяжарнай нявесткі, стоячы на каленях каля ног эсэсаўца і просячы: «Як яна пойдзе? Яна ж на апошніх тыднях цяжарнасці. Я пайду замест яе». Нявестка вярнулася дамоў, а Мар'яну расстралялі 13 ліпеня 1943 г. у Навумавічах каля Гродна. Чакаючы пакарання, яна мела толькі адну просьбу — каб ёй далі ружанец.

Першы раз пешшу ў навумавіцкі лес

18 ліпеня жыхары Гродна і ваколіц вырашылі ўшанаваць памяць усіх, хто загінуў на Фартах каля Навумавіч недалёка ад Гродна, аддаўшы жыццё падчас Другой сусветнай вайны.

Сёлета ўпершыню вырушыла пешая пілігрымка з Адамавіч на месца трагічнай смерці гэтых многіх людзей. Пілігрымка была сустрэта з вялікай зацікаўленасцю. Удзел у ёй прынялі больш за 200 чалавек: дарослыя, моладзь і дзеці. Яны пажадалі ўшанаваць гераічнасць і адвагу мучанікаў за веру, якія аддалі жыццё ў абароне Касцёла і хрысціянскіх каштоўнасцяў. Пілігрымы з малітвай крочылі на гэтае месца, дзе зямля была акроплена крывёю мучанікаў, крочылі, молячыся ў інтэнцыі сучасных сем’яў, у лес на навумавіцкіх Фартах, які стаў нямым сведкам гэтых драматычных для чалавецтва дзён часоў вайны.


Урачыстасці ў чарговую гадавіну расстрэлу тых людзей мелі сёлета дыяцэізяльны характар, на іх прыбыло шмат вернікаў з самога Гродна, Сапоцкінскага дэканата і ваколіц. Прысутнічалі таксама госці, сярод якіх былі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, шматлікія святары, сёстры законныя, семінарысты.

Прысутнасць сваякоў бл. Мар’яны Бярнацкай

Сярод гасцей была таксама дэлегацыя з Польшчы, з радзімы бл. Мар’яны Бярнацкай – Ліпска, дзе благаслаўлёная прыняла адважнае рашэнне – дабравольна пайсці на смерць за сваю нявестку. У Ліпску са сваім мужам Людвікам Бярнацкім яна вяла гаспадарку, мелі шасцёра дзяцей.

Ліпск на ўрачыстасцях прадставіў бурмістр Лех Лямпіцкi, праўнук бл. Мар’яны Бярнацкай Станіслаў і прапраўнучкa Дзіянa. Сама нявестка, за якую бл. Мар'яна аддала сваё жыццё, адышла ў жыццё вечнае ў мінулым 2014 годзе, на 98-м годзе жыцця.
Святую Імшу ўзначаліў біскуп Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх прыгадаў тыя падзеі, назваўшы месца, якое стала мэтай гэтай пілігрымкі, месцам, дзе “ненавідзелі жыццё, чалавека як Божы вобраз, як вучня Хрыста”.


Навумавіцкі лес – месца жорсткага забойства

“Тут шмат гадоў таму забівалі жорсткім і нялюдскім чынам: чалавек – чалавека. Мы стаім на гэтым месцы, на Фартах, якое па сваім прызначэнні павінна служыць абароне, забеспячэнню бяспекі жыхара, горада і нават краіны”, - сказаў біскуп.

“Тут, на гэтым узгорку, “гродзенскай Галгоце”, узведзены крыжы, - звярнуў увагу іерарх. - Крыж Езуса Хрыста - адзін і адзіны, непаўторны”. “І хоць здаецца, што памёр Даўца жыцця, Ён, яснеючы хвалой, і сёння жывы. Менавіта гэта мы хочам зразумець і растлумачыць свету, прыходзячы на гэтае месца. Яны, жыхары Гродна і ваколіц, не памерлі, паміраючы, але памерлі, каб жыць”, - падкрэсліў біскуп.

«Благаслаўлёныя і мучанікі заклікаюць: паверце, што Бог ёсць любоў!»

Па словах іерарха, “благаслаўлёныя і мучанікі заклікаюць да нашых сэрцаў: паверце, што Бог ёсць любоў! Абудзіце ў сабе надзею! І няхай гэтая надзея выдасць у вас плод вернасці Богу ва ўсялякім жыццёвым выпрабаванні! Таму сёння мы просім Пана, каб мы па прыкладу іх ахвяры аддана крочылі за Хрыстом”.
    
Таксама, як дадаў біскуп, “сёння Мар'яна, звычайная жанчына, просіць нас: не забівайце! Не забівайце дзяцей. Не забівайце жыццё, не забівайце сваю будучыню”. “Кожнае жыццё чалавека запланавана Богам у творчым акце, a ўзмоцненае любоўю мужчыны і жанчыны, яно не з'яўляецца выключнай уласнасцю бацькоў або грамадства, але належыць самому Богу. Таму ўрачы таксама не маюць права забіваць ненароджаных дзяцей, нават калі яны ўмеюць гэта зрабіць прафесійна”, - адзначыў іерарх.

Урачыстасці ў навумавіцкім лесе нагадалі вернікам, якія ў іх удзельнічалі, што трэба даваць адзін аднаму любоў. Біскуп Юзаф Станеўскі заахвоціў, каб кожны чалавек і ўвесь народ зразумеў, што сапраўды супакой базуецца на запаведзях любові да Бога і іншага чалавека – нашага бліжняга, незалежна ад яго нацыянальнай ці рэлігійнай прыналежнасці, і без захавання гэтых дзвюх запаведзяў згіне чалавецтва, кожны чалавек і народ.


Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.