Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адбыліся ўрачыстасці ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
20.07.2015 17:23

18-19 ліпеня ў Гудагаі aдбыліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай. Урачыстасці сабралі шматлікіх вернікаў Астравеччыны і іншых мясцін Беларусі, шанавальнікаў Панны Марыі, якія праслаўляюць Маці Божую Шкаплерную, носячы кармэлітанскі шкаплер.

Гудагайскі касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі славіцца абразом Маці Божай Гудагайскай, культ якога звязаны са шкаплерным набажэнствам. 20 ліпеня 2014 г. падчас святкавання 250-годдзя свайго асвячэння касцёл у Гудагаі быў аб’яўлены дыяцэзіяльным санктуарыем Маці Божай Шкаплернай Гродзенскай дыяцэзіі. У святыні знаходзіцца вядомы ласкамі абраз Маці Божай Гудагайскай, які быў каранаваны папскімі каронамі 15 ліпеня 2007 г.

На працягу гадоў маленькі касцёл у Гудагаі быў сведкам шматлікіх цудаў, але вернікі прыбываюць сюды не толькі дзеля асаблівых ласкаў аздараўлення. Тут знаходзяць прыстанак і асалоду тыя, хто хоча пакланіцца Найсвяцейшай Маці і ў цішыні малітвы паразмаўляць з Богам. Іншыя, зачараваныя прыгажосцю мясцовай прыроды, шукаюць адпачынку ад штодзённасці, каб аднавіць свае жыццёвыя сілы.


У другі дзень сёлетніх урачыстасцяў, 19 ліпеня, санктуарый наведалі шматлікія пілігрымы, у тым ліку дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкi i дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Святую Імшу ў гэты дзень цэлебраваў біскуп Юрый Касабуцкi, які казаў у гаміліі аб ролі ў жыцці чалавека Найсвяцейшай Маці, якая бачыць чалавечыя патрэбы і спяшаецца дапамагчы. Біскуп нагадаў пра цуд у Кане Галілейскай, дадаўшы, што Марыя заўжды бачыць патрэбы чалавека і заступаецца перад Езусам. Гаворачы пра кармэлітанскі шкаплер, пра які ў 1251 г. Марыя казала падчас містычнага аб’яўлення генералу Ордэна кармэлітаў Cымону Штоку, што гэта знак ратунку ў небяспецы, сімвал завету з Богам, а хто ў ім памрэ, пазбегне пякельнага агню, біскуп падкрэсліў, што шкаплер – “адзін з падарункаў Марыі, які нам неабходны на дарозе да святасці”.

Галоўную адпустовую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі біскуп казаў аб цішыні, неабходнай кожнаму чалавеку, які часта ўсялякімі спосабамі стараецца адпачыць ад мітусні штодзённасці. Іерарх адзначыў, што такую цішыню можна адчуць у гудагайскім санктуарыі – прыстанку спакою. “Cёння сэрцы людзей імкнуліся сюды, каб акунуцца ў цішыню гэтай зямлі, жывую цішыню. Каб дакрануцца да гэтага Божага свету, бо мы па ім сумуем i жадаем напаўняць сябе Богам”, - сказаў біскуп.

Іерарх заахвоціў прысутных да асаблівай малітвы ў інтэнцыі міру ў свеце, асабліва ў братэрскім народзе ва Украіне, а таксама да малітвы ў інтэнцыі сем’яў, каб праз жыццё ў сакрамэнтальным саюзе яны імкнуліся да святасці і вялі жыццё паводле Божых запаведзяў. Біскуп пажадаў усім, каб удзел у гэтых урачыстасцях дапамог вярнуць мір у тыя сем’і, дзе пануе падзел і нязгода, каб “мір і радасць нанова пасяліліся ў кожнай супольнасці і кожным доме”.

Сёлета падчас урачыстасцяў у Гудагаі дзякавалі за 25 гадоў святарства два браты Ордэна Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль - кармэліты босыя a. Павел Леліта і a. Бэрнард Радзік.


Браты кармэліты босыя падзякавалі ўсім за ўдзел у свяце, якое аб’яднала сотні людзей у адну вялікую сям’ю, і заахвоцілі прысутных прыязджаць у Гудагай заўсёды, бо менавіта тут можна знайсці хвіліну цішыні і супакою на малітве, пабыць сам-насам з Богам і Яго Маці.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.