Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць у Aсаве
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
21.07.2015 08:05

19 ліпеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Св. Юрыя ў Aсаве. Па просьбе пробашча парафіі кс. Яна Пецюна біскуп удзяліў больш за 60 вернікам сакрамэнт канфірмацыі.

Кандыдаты да прыняцця сакрамэнту рыхтаваліся да гэтай урачыстасці доўгі час праз удзел у катэхезах і Эўхарыстыі, а таксама праз індывідуальную малітву.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч узначаліў нядзельную святую Імшу і прамовіў гамілію, у якой перасцярог перад адной з відавочных пагрозаў у жыцці сучаснага чалавека – празмернай актыўнасцю. “Вельмі часта з вуснаў сучаснага чалавека можна пачуць нараканне на тое, што ён пастаянна заняты, запрацаваны, заклапочаны мноствам спраў”, - дадаў іерарх.

Біскуп адзначыў, што задача кожнага хрысціяніна – так распараджацца сваім жыццём, так уладкаваць свой час, каб не даць сябе паглынуць празмернай актыўнасці. “Хто перастае маліцца, хадзіць у касцёл, прыступаць да сакрамэнтаў, бо аддае сябе поўнасцю працы і таму, што знешняе, - у канцы страчвае сам сябе”, - сказаў гродзенскі ардынарый.



 

Звяртаючыся да тых, хто прымаў у гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі, біскуп заўважыў, што сярод найважнейшых рысаў чалавека сталага – “уменне адрозніваць тое, што добрае, патрэбнае, каштоўнае, хоць нярэдка і цяжкае, ад таго, што лёгкае, прыемнае, але не прыносіць карысці”. Іерарх разважаў таксама аб тым, што кожны чалавек хоча быць шчаслівым, дасягнуць нейкага поспеху, мэты, рэалізаваць уласныя мары і ўяўленні аб будучыні. “Памятайце, аднак, што найбольшы і найважнейшы поспех будзе мець месца тады, калі будзеце ў сваім жыцці трымацца Хрыста”, - заклікаў біскуп.

Іерарх пажадаў прымаючым сакрамэнт канфірмацыі, каб Бог быў у іх жыцці заўсёды на першым месцы. Асабліва біскуп прасіў аб захаванні веры, якую трэба памножыць ва ўласным жыцці, каб быць вернымі, адважнымі, нязломнымі сведкамі Хрыста.

Маладыя і дарослыя вернікі, якія былі ў гэты дзень узбагачаны сямю дарамі Духа Святога, абяцалі адказваць на выклікі, якія ставіць Касцёл. Таксама яны выказалі ўдзячнасць усім тым, якія прывялі іх да веры і паклапаціліся аб прыгажосці гэтай урачыстасці.

Усіх сабраных у адноўленай гістарычнай святыні біскуп Аляксандр Кашкевіч заахвоціў да асаблівай малітвы ў інтэнцыі ўсіх сем’яў, каб у штодзённым жыцці яны ставілі Езуса Хрыста на першае месца і прагнулі жыць навукай, якая паходзіць з Божых запаведзяў.

Кс. Юрый Марціновіч    

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.