Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адбылася Імша за спачылую маці с. Марыны Толкач і пахаванне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
24.07.2015 12:38

24 ліпеня ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці ў Гродне адбылася святая Імша за памерлую Рамуальду Толкач, маці шанштацкай сястры Марыны Толкач. Рамуальда Толкач адышла ў вечнасць 22 ліпеня.

Эўхарыстыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Імшу канцэлебравалі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, святары. У літургіі ўдзельнічалі законніцы Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі і іншых манаскіх супольнасцяў.

У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў аб тым, што Бог не стварыў смерці і не з’яўляецца яе аўтарам: смерць – гэта вынік непаслухмянасці чалавека адносна Бога. “Нашы першыя бацькі, Адам і Ева, адмовіліся жыць паводле Божага загаду. Яны не памерлі, але сталі смяротнымі, і праз іх усе мы такімі сталі”, - адзначыў іерарх.

Па словах Мітрапаліта, “смерць заўсёды напаўняе нас смуткам, нават калі памірае вельмі стары і хворы чалавек: ужо больш яго не ўбачым, не паразмаўляем з ім, не зможам яму дапамагчы”.

“Калі б на смерць мы глядзелі толькі праз чыста чалавечую прызму, то яна была б стратай, якую нельга аднавіць. Аднак мы, хрысціяне, павінны на яе глядзець праз прызму праўды Уваскрасення Хрыста. Ён сваёй пасхальнай таямніцай адчыніў нам брамы раю і нас, смяротных, адарыў дарам несмяротнасці і даў магчымасць вечнага жыцця”, - падкрэсліў арцыпастыр.

Для гэтага, дадаў Мітрапаліт, “неабходна жыць паводле Божага закону”. Арцыбіскуп звярнуў увагу, што Евангелле распавядае аб дыялогу паміж Хрыстом і апосталамі. Калі Хрыстус спытаў апосталаў, ці ведаюць яны, куды Ён ідзе, апостал Тамаш адказаў: як можам ведаць, куды, калі не ведаем дарогі? На гэта Езус сказаў, што Ён сам дарога, праўда і жыццё.

“Памерлая Рамуальда добра ведала дарогу, якой павінна была ісці праз жыццё, ёю ішла сама і ў такім духу выхоўвала сваіх дзяцей, - сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. - Менавіта ў яе сям’і да распазнання законнага паклікання выхавалася сястра Марына. Сказаць Богу “так” у наш час, каб пайсці за Ім і жыць жыццём евангельскіх радаў чысціні, беднасці і паслухмянасці, можа далёка не кожны. Тым большая ўдзячнасць маме, а таксама памерламу раней тату. Іх дачка сваім служэннем у законнай супольнасці шанштацкіх сясцёр узбагаціла Касцёл у Беларусі і Расіі, дзе таксама некалькі гадоў служыла. Сваім служэннем яна дапамагала і далей дапамагае людзям пазнаць Хрыста, які з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём”.

“Аднак яе пакліканне, як і кожнае іншае, у тым ліку пакліканне яе брата да сямейнага жыцця, распачынаецца ў сям’і”, - дадаў арцыбіскуп, і таму выказаў вялікую ўдзячнасць спачылай Рамуальдзе за сапраўдную хрысціянскую пазіцыю маці ў выхаванні сваіх дзяцей. У сувязі з гэтым іерарх заклікаў усіх прысутных маліцца за супакой яе душы, каб Бог узнагародзіў яе вечным шчасцем у небе.

Пахаванне святой памяці Рамульды адбылося на могілках у в. Квасоўка, дзе знаходзяцца магілы сям’і Толкач.

(DN)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.