Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Ісці, каб адкрываць Любоў». Вырушыла VI пілігрымка Гродна-Навагрудак
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
26.07.2015 09:22

Раніцай 25 ліпеня ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне была адпраўлена святая Імша, якая распачала 6-е пешае паломніцтва да месца мучаніцкай смерці сясцёр назарэтанак з Навагрудка.

Імшу ўзначаліў духоўны настаўнік пілігрымкі Гродна-Навагрудак кс. Віталій Сідорка; гамілію для пілігрымаў прамовіў а. Андрэй Урублеўскі.

Айцец Андрэй заклікаў вернікаў задумацца над матывамі, якія падштурхнулі кожнага з іх вырушыць у паломніцтва, і прапанаваў ім тры асноўныя паставы пілігрыма для далейшага разважання:


"Першая пастава пілігрыма: у ёй паломнік ставіцца да пілігрымкі, нібы да турыстычнай экскурсіі з наведваннем помнікаў архітэктуры і маляўнічых закуткоў краіны. Такая пастава можа ўзбагаціць чалавека інтэлектуальна, фізічна, але наўрад ці чалавек узбагаціцца духоўна. Другая пастава пілігрыма: паломнік лічыць сябе "абраным". "Абраным", каб следаваць за Панам. "Абраным", каб пазнаваць Яго. Нібы ўсё добра, але часта такія адносіны ідуць побач з гардыняй і легкадумным стаўленнем да бліжняга. Трэцяя пастава - чалавек вырушае ў паломніцтва з яснай мэтай працягваць адкрываць Любоў. Вам вырашаць, якая з трох пастаў прынясе найлепшы плён".


З просьбамі і падзякамі да благаслаўлёных манахінь з Гродна вырушыла амаль паўсотні чалавек.

Глядзіце фотарэпратаж з першага дня пілігрымкі.

Тэкст - Ангеліна Марцішэўская, фота - Вольга Сяліцкая. Hrodnensis.by (AлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.