Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Фотафакт: біскуп Аляксандр Кашкевіч прывітаў удзельнікаў пешай пілігрымкі Гродна-Навагрудак у дарозе
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
27.07.2015 11:50

26 ліпеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч прывітаў у дарозе ўдзельнікаў VI пешай пілігрымкі Гродна-Навагрудак. Пілігрымы, якіх амаль 50 чалавек, вырушылі з Гродна 25 ліпеня і накіроўваюцца на месца мучаніцкай смерці благаслаўлёных сясцёр назарэтанак у Навагрудку.

Пілігрымы пераадолеюць амаль 150 км, каб удзельнічаць ва ўрачыстасцях 72-й гадавіны расстрэлу мучаніц у Навагрудку.

У пілігрымцы прымаюць удзел два святары, сёстры назарэтанкі і вернікі розных пакаленняў. Біскуп Аляксандр Кашкевіч у размове з некаторымі пілігрымамі прасіў іх асаблівым чынам маліцца ў інтэнцыі ўсіх сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі, каб выпрошваць для іх патрэбныя ласкі ў Бога праз заступніцтва благаслаўлёных сясцёр-мучаніц.

31 ліпеня пілігрымы прыбудуць у Навагрудак, дзе будуць удзельнічаць у святой Імшы, якая адбудзецца ў 17.00 на месцы гібелі благаслаўлёных назарэтанак у лесе. Пілігрымка завершыцца 1 жніўня начным чуваннем і святой Імшой у 4.30 у касцёле Перамянення Пана ў Навагрудку.

Мучаніцы з Навагрудка былі забіты 1 жніўня 1943 г. нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны. Беатыфікацыя сясцёр была здзейснена Папам Янам Паўлам ІІ у Рыме 5 сакавіка 2000 года.


Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.