Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Кашкевіч у Росі: «Маё прагненне — каб сюды пілігрымавала ўся дыяцэзія»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
10.08.2015 15:17

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч на заканчэнне сёлетніх урачыстасцяў у санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі адзначыў, што хацеў бы, каб да цудатворнай фігуры Езуса, вядомай сваімі ласкамі ўжо больш за 400 гадоў, скіроўваліся вернікі ў пешых і аўтобусных пілігрымках з усіх парафій дыяцэзіі і з-за мяжы.

«Маё прагненне – каб сюды пілігрымавала ўся дыяцэзія», — падкрэсліў гродзенскі ардынарый.

9 жніўня біскуп узначаліў у санктуарыі ўрачыстую святую Імшу для шматлікіх пілігрымаў. У Імшы ўдзельнічалі вернікі з розных месцаў дыяцэзіі, частка з іх прыйшла ў пешых пілігрымках.

Звяртаючыся да пілігрымаў, іерарх зазначыў, што жыццё чалавека — гэта пастаянная пілігрымка. «Праз наша зямное пілігрымаванне нам трэба заслужыць вечнае жыццё», — дадаў біскуп. Іерарх назваў санктуарый «духоўным санаторыем», бо тут можна знайсці ўсё, што патрэбна для душы і цела. «Езус Хрыстус з сумным тварам глядзіць сёння на ўсіх нас, якія Яго тут адведваюць, і кажа нам: «Вучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам», — сказаў гродзенскі ардынарый.

Кусташ санктуарыя кс. Чэслаў Паўлюкевіч падзякаваў усім пілігрымам за прынятую працу пілігрымавання і запэўніў, што дзверы санктуарыя заўсёды адчынены, а таксама заахвоціў наведваць гэтае святое месца часцей.

Апошнім пунктам урачыстасцяў стаў канцэрт супольнасці Душпастырства студэнцкай і працуючай моладзі «Open» Гродзенскай дыяцэзіі, падчас якога пілігрымы праслаўлялі Бога праз спеў.


Кс. Юрый Марціновіч

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.