Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Два дні на разагрэтым асфальце: успаміны пра XIV пешую пілігрымку «Гродна — Рось»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
11.08.2015 11:36

З 7 па 9 жніўня праходзіла XIV пешая пілігрымка з Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый Езуса Журботнага ў Росі. «Навярніся да Бога» – такім быў дэвіз пілігрымкі, у якой удзельнічалі каля 300 чалавек з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама з Вілейкі, Пружан і Вільні (Літва).

За два дні пілігрымы пераадолелі каля 75 км. Увесь час яны крочылі па разагрэтым асфальце пад палячым сонцам. Дарога была нялёгкай, y першы дзень прайшлі каля 47 км.

Пілігрымка з Гродна ў Рось мае сваю гісторыю і адпаведную атмасферу. Трэба адзначыць, што менавіта так паўстае гісторыя Касцёла, які адраджаецца, у нашай краіне.

З кожным годам пілігрымаў становіцца больш, усё новыя людзі “заражаюцца” прагай пілігрымавання ад сваіх знаёмых. На пілігрымскі шлях вяртаюцца і тыя, для каго, як кажуць яны самі, пілігрымаванне да Езуса Журботнага стала традыцыяй. Варта так спланаваць свой час, каб магчы ўдзельнічаць у гэтай пілігрымцы, якая, нягледзячы на змучанасць, боль у нагах, прыносіць вялікую радасць, задавальненне і ўмацоўвае ў веры.


У пілігрымцы ўдзельнічалі розныя пакаленні вернікаў, але найбольш ішло моладзі. Гэта добра, што наша моладзь шукае Бога, прагне на Ім будаваць сваю будучыню. Маладыя людзі падчас пілігрымкі адважна дзяліліся сваёй верай, даючы сведчанне, чаму спрыяў дэвіз пілігрымкі, а таксама Год навяртання, які перажывае Касцёл у Беларусі. Нішто не прамаўляе да чалавека лепш, чым асабістае сведчанне, жывое слова…

Шлях пілігрымаў праходзіў праз розныя мясцовасці і вёскі. Сустрэчы з людзьмі, якія выносілі кубак халоднай вады, плады свайго саду, прысмакі… Супольная малітва пілігрымаў з жыхарамі той ці іншай мясцовасці каля прыдарожнага крыжа – усё гэта ўмацоўвае еднасць, узаемна ўзбагачае ў веры, любові і надзеі. Узрушваюць такія сустрэчы каля прыдарожных крыжоў, дзе часта збіраецца ўся вёска ці ваколіца. Супольная малітва пілігрымаў і мясцовых жыхароў становіцца нагодай пахіліць калені нават для тых, хто, можа, даўно не быў у касцёле.


У гэтым годзе ўдзельнікі пешай пілігрымкі з Гродна ў Рось маліліся ў інтэнцыі памерлага кс. Яна Занеўскага – пробашча парафіі ў Квасоўцы, які штогод з вялікай радасцю і энтузіязмам прымаў са сваёй парафіяльнай супольнасцю пілігрымаў, частаваў смачным абедам, шырока адчыняў дзверы святыні і парафіяльнага дома. У чэрвені гг. святар адышоў да Пана. Частку дарогі пілігрымы прысвяцілі менавіта ксяндзу Занеўскаму: неслі запаленую свечку і маліліся аб супакоі яго душы. Па дарозе яны наведалі могілкі, каб каля магілы спачылага святара пакінуць свечку і прамовіць «Анёл Панскі».

Цэнтральным пунктам кожнага дня пілігрымкі была святая Імша. Сёлета Імшу кожны дзень цэлебравалі гродзенскія біскупы, якія хацелі такім чынам суправаджаць сваіх дыяцэзіян у дарозе да санктуарыя.


Таксама сваімі малітвамі і дабравольным адрачэннем іх суправаджалі духоўныя пілігрымы — тыя, якія па розных прычынах не змаглі ўдзельнічаць у пілігрымцы.

Ад імя пілігрымаў хачу выказаць удзячнасць усім, хто актыўна ўключыўся ў пешую пілігрымку: святарам, дыякану, семінарыстам, тым, хто прымаў на начлег, рыхтаваў пасілак.

Няхай Пан Бог шчодра ўзнагародзіць іх за гэтую працу. Няхай будзе падзяка Богу за той цудоўны час, які быў нам падораны.


Кс. Юрый Марціновіч, кіраўнік пілігрымкі «Гродна – Рось»

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.