Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў урачыстасць Унебаўзяцця Панны Марыі ў Лідзе
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
17.08.2015 11:03
У парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Ліда-Індустрыяльны) адбылася адпустовая святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Разам з урачыстасцю парафія адзначыла свой юбілей. Вернікі дзякавалі Богу за 15 гадоў існавання парафіі і за ўсіх айцоў піяраў, якія праз сваё служэнне ў парафіі дапамагалі наблізіцца да Бога.

Гамілію прамовіў а. Андрэй Жылевіч OFMCap, падчас яе была звернута ўвага на важнасць шанавання Марыі. Да тых, хто лічыць, што Марыя з’яўляецца звычайнай жанчынай, нягоднай шанавання, было звернута пытанне: «Як потым вытлумачыць Езусу, што мы не шанавалі Яго Маці?»
 
Як было адзначана, менавіта Марыя з’яўляецца прыкладам для нас; Яе сэрца заўсёды было напоўнена любоўю да Бога, і яшчэ святы Ян звяртаў увагу на тое, што Унебаўзятая Марыя не толькі паказвае нам шлях да неба, але таксама чакае нас і дапамагае ў дарозе. Былі ўзгаданы таксама словы з Апакаліпсіса святога Яна: «І знак вялікі з'явіўся на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад нагамі яе, а над яе галавою вянок з дванаццаці зорак» (Ап 12, 1).
 
  
Бог чакае ад нас слова «дзякуй» 
 
Ва усім свеце галадае больш за мільярд людзей, таму парафіяне не забыліся падзякаваць Богу за добры ўраджай, за тое, што маюць ежу і могуць ёю дзяліцца з іншымі.
 

 
Айцы піяры, якія працуюць у парафіі, выказваюць падзяку ўсім, хто раздзяліў радасць з імі: асабліва моладзеваму хору «Calazans» са Шчучына, які сваім спевам дапамагаў праслаўляць Бога і Яго Маці, біскупу Юзафу Станеўскаму, а таксама айцу Андрэю Жылевічу OFMCap, айцу Андрэю Роўбу — дэкану Лідскаму і пробашчу парафіі ў Ваверцы, а. Віталію Слуку SP са Шчучына, ксяндзам Уладзіславу Сурвілу, Юзафу Ганчыцу, Андрэю Зноску, Віктару Савіцкаму, Рышарду Пэрчаку, Пятру Кубэлю, Валянціну Хведуку.

Анастасія Цыбульская (АлГ)
фота Аляксандра Снапко 
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.