Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адпустовая ўрачыстасць адбылася ў дзятлаўскай парафіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
17.08.2015 12:29

15 жніўня ў дзятлаўскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Гродзенская дыяцэзія) адбылася адпустовая ўрачыстасць.

За тры дні перад святам адбывалася не толькі знешняе прыгатаванне святыні, але і духоўная аднова: пробашч разам з вернікамі падчас святых Імшаў маліўся і аб добрай падрыхтоўцы да гэтай значнай падзеі.

На святочную Імшу прыбылі святары з розных куткоў дыяцэзіі: ксёндз віцэ-дэкан Віктар з Раготна, ксёндз дэкан Ян з Навагрудка, айцец Ежы з Карэліч, які цэлебраваў святую Імшу, а таксама прамовіў гамілію.



У гаміліі святар закрануў тэму знакаў, якія адыгрываюць істотную ролю ў разуменні тэкста Святога Пісання. Айцец звярнуў увагу на тры сімвалы, якія спадарожнічалі Марыі: зоркі, а менавіта карона, месяц пад нагамі як сімвал перамогі над цемрай граху і сонца як сімвал Божай асвячальнай ласкі, якая неабходна для збаўлення.

Праз прыклад Езуса Навіна са Старога Запавету святар пастараўся паказаць вернікам, што кожны мае патрэбу ў гэтым сапраўдным святле. Таксама прагучалі словы аб самой падзеі Звеставання, моманце той сапраўнай радасці, якая адчувалася падчас сустрэчы Маці Збаўцы з цяжарнай Альжбетай.



Святар падкрэсліў і значэнне штодзённага крыжа, які трэба несці, не зважаючы на неахвоту і розныя спакусы, таксама заклікаў не паддавацца падманам злога, бо калі грэх мае ўладу над чалавекам, то ён ужо не можа стаць ў праўдзе перад сабою, бліжнім і Богам: гэта ўжо не той чалавек, але нешта іншае, няшчырае.

Напрыканцы гаміліі святар пажадаў, каб вернікі не баяліся даверыцца Марыі, якая ахінае плашчом сваёй матчынай апекі. Праз шматлікія прыклады святар паказаў, як важна «апрануцца ў шаты збаўлення», разам крочыць з Хрыстом, а калі нешта не атрымалася, знайсці дарогу да паяднання.



Пасля Імшы вернікі прайшлі ў святочнай працэсіі вакол касцёла. Потым прагучалі словы падзякі пробашчу з нагоды першай гадавіны служэння ў дзятлаўскай парафіі. Удзячныя вернікі падзякавалі Найсвяцейшай Маці за цуды, а менавіта за пакліканага да святарскага служэння кс.Здзіслава Пікулу  SDB.

Таксама парафія рыхтавалася да іншай, не менш значнай падзеі — 200-годдзя з дня нараджэння св. Яна Боско, таму што з даўняга часу парафіяй апякуюцца салезіяне. На працягу некалькіх дзён можна было паглядзець фільм аб жыцці святога, каб паразважаць над гісторыяй паклікання юнака з Турына. Моладзь парафіі і ўсе жадаючыя адправіліся таксама ў пілігрымку ў Мінск, дзе разам з Салезіянскай сям’ёй святкавалі 16 жніўня 200-годдзе з дня нараджэння святога і дзякавалі Богу за юбілейны год. 

Яна Жадзейка, фота Веранікі Жэброўскай

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.