Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Удзельнікі пілігрымкі «Гродна-Рось» евангелізуюць горад над Нёманам
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
18.08.2015 15:11

Моладзь з розных парафій Гродна і ваколіц, якая прымала ўдзел у 14-й пешай пілігрымцы з Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый Езуса Журботнага ў Росі, і надалей актыўна ўдзельнічае ў рэлігійным жыцці. За час пілігрымкі яе ўдзельнікі так звыкліся адзін з адным, што сталі нібы адной сям’ёй.

Моладзь сама выступае з рознымі ініцыятывамі далейшых сустрэч. Таму ўдзельнікі пілігрымкі сабраліся 15-16 жніўня ў Азёрах, каб разам адпачыць на прыродзе.

Жнівеньскія вечары маладыя людзі праводзяць у праслаўленні Бога праз спеў духоўных песень, збіраюцца і ў цэнтры Гродна, дзе спяваюць, даючы такім чынам сведчанне сваёй веры і паказваючы сваім аднагодкам, многія з якіх праводзяць вечары з алкаголем, што варта заўсёды жыць з Богам.

Евангелізацыя — гэта не нейкія там надзвычайныя рэчы ці справы. Евангелізаваць — гэта значыць быць веруючым чалавекам сярод іншых, а гэта ўжо вельмі шмат.

Каталіцкая моладзь паказвае іншым, што ў Касцёле кожны можа знайсці месца для сябе, што рэлігія, Бог, Касцёл, супольнасць — гэта не перажытак мінулага, гэта не сорамна, а наадварот, вялікі гонар адчуваць, што ты належыш да вялікай сям’і Касцёла.


Сваімі ўражаннямі дзеліцца Яўген Калеснік з парафіі Хрыста Валадара ў Азёрах, які, нягледзячы на 25 км, што аддзяляюць Гродна ад Азёр, прыязджае, каб сустрэцца з іншымі пілігрымамі, якія сталі яго сябрамі:

«Гэта нерэальна крута, што мы ўсе зблізіліся дзякуючы Богу. Мы ўсе аб’яднаны любоўю да Бога. Ён нас усіх пазнаёміў у пілігрымках, на днях моладзі. І так мы сталі неад’емнай часткай адзін аднаго. І мы проста не можам сядзець дома, мы хочам бачыць адзін аднаго кожны дзень, спяваць песні і танчыць. Мы не баімся праслаўляць нашага Пана.

Учора мы выйшлі на вуліцу Савецкую з гітарай, тамтамам, маракасамі і з вясёлым настроем, спявалі песні, танчылі, нікога не саромеючыся. Мінакі нам міла ўсміхаліся. Хтосьці нават танчыў і спяваў з намі. Мы дарылі людзям радасць і ўсмешку на твары, праслаўляючы Езуса.

Натуральна, мы будзем працягваць такія сустрэчы, таму што мы не можам адзін без аднаго, не можам без песень і скокаў, таму што мы ўсе звязаны паміж сабой, звязаны Езусам».

Ганна Глябовіч (AG)
фота Бажэны Вайцяховіч 
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.