Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
XXIII пешая пілігрымка з Беластока ў Вільню на сваім шляху зрабіла прыпынак у Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
19.08.2015 11:26

Больш за 400 чалавек з усёй Польшчы вечарам 18 жніўня дасягнулі Гродна ў пешай пілігрымцы ў санктуарый Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні. Пілігрымы вырушылі з Беластока 16 жніўня, у санктуарый Маці Міласэрнасці ў Вільні прыбудуць 24 жніўня.

У гэты дзень удзельнікі пешай пілігрымкі перасеклі, як яны самі кажуць, “эфектыўна, прафесійна і прыемна” польска-беларускую мяжу ў Брузгах. Памежныя службы па абодва бакі дасканала падрыхтаваліся да выйсця пілігрымаў.

На беларускім боку першым месцам адпачынку на шляху да Вострай Брамы сталі для пілігрымаў Каробчыцы, дзе яны памаліліся каля новага касцёла, які будуецца.

У Гродне пілігрымаў прывіталі на пабернардынскім узгорку дзеці, моладзь і жыхары горада, якія таксама прынялі іх на адпачынак у сваіх дамах. Адразу пасля прывітання пілігрымы прынялі ўдзел у святой Імшы ў касцёле Адшукання Святога Крыжа.

Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які падзякаваў пілігрымам за прыгожае сведчанне веры, якое яны нясуць з сабой у Беларусь. Іерарх паставіў ім задачу: ісці ў школу любові – Вострую Браму – і ўчыніць усё, што нам скажа Сын Панны Марыі Вастрабрамскай.

«Пілігрымаваць – значыць станавіцца Хрыстом для іншых»


Біскуп сказаў у гаміліі, што “пайсці ў пілігрымку – значыць пайсці за Езусам”. “Пан прагне вас накарміць, падтрымаць, каб вы не аслаблі ў дарозе. Прагне аздараваць вашу душу і цела, адказаць на інтэнцыі, з якімі вы выйшлі ў шлях”,  дадаў іерарх, звяртаючыся да пілігрымаў.

Біскуп заахвоціў удзельнікаў пілігрымкі пастарацца ўбачыць самога Хрыста ў іншых пілігрымах, у святарах, якія іх суправаджаюць, у медыцынскай службе і службе аховы парадку, бо “ў іх абліччы адлюстроўваецца аблічча Езуса”. Пілігрымаваць – гэта, па словах біскупа, “станавіцца Хрыстом для іншых”.

“Памятайце, што вы для нас – вестуны надзеі”,  сказаў іерарх пілігрымам, а таксама папрасіў іх “забраць з сабой гродзенскія сем’і і парафіі”, “інтэнцыі тых, хто не змог пайсці фізічна, іх радасці, смутак, просьбы і падзякі”. “Нясіце разам з Марыяй любоў Бога Айца тым, каго спаткаеце”,  заклікаў біскуп.


Сёлетняя беластоцкая пілігрымка ў санктуарый Маці Божай Вастрабрамскай праходзіць пад дэвізам “Будуем на скале”. Яе ўдзельнікі жадаюць нанова прыгадаць, што фундаментам чалавечага жыцця павінна быць вера ў Бога, і хочуць у гэтай пілігрымцы пераканацца, што, нягледзячы на штодзённыя цяжкасці, жыццёвы бег, чалавечыя драмы, варта будаваць на моцным фундаменце – скале нашага жыцця, якой з’яўляецца Езус Хрыстус.

Спецыфіку беластоцкай пілігрымцы ў Вільню надае тое, што сярод удзельнікаў католікі з розных куткоў Польшчы і свету – у тым ліку з Варшавы, Кракава, Закапанэ, Любліна, Ольштына, Лодзі, Познані, Вроцлава, а таксама з ЗША і Чэхіі, – і прадстаўнікі розных веравызнанняў.

На працягу дзевяці дзён пілігрымы пераадолеюць каля 300 км, ідучы праз тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Літвы. Два этапы пілігрымкі праходзяць праз Польшчу, чатыры дні вернікі ідуць праз Беларусь і тры праз Літву. Самы кароткі этап пілігрымкі складае 21 км і ахоплівае трасу з Кузніцы Беластоцкай да Гродна, самы доўгі – 44 км – праходзіць па Беларусі, з Новага Двара да Радуні. Па традыцыі мінулых гадоў удзельнікі наведваюць усе касцёлы і цэрквы, якія знаходзяцца на іх шляху.

У Гродне да гэтай групы далучыліся больш за 100 вернікаў з розных месцаў Беларусі, каб пілігрымаваць разам да мэты свайго шляху і паглядзець у вочы Марыі – Той, якая свеціць у Вострай Браме.


Кс. Юрый Марціновіч, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.