Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Удзельнікі пілігрымкі «Гродна-Рось» зноў разам: адбыўся дзень духоўных разважанняў
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
24.08.2015 12:17

23 жніўня моладзь з розных парафій Гродна і ваколіц, якая прымала ўдзел у 14-й пешай пілігрымцы з Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый Езуса Журботнага ў Росі, перажывала свой дзень духоўных разважанняў. 25 чалавек сабраліся ў Азёрах, каб разам адпачыць на прыродзе.

Сустрэча моладзі, якая за час розных мерапрыемстваў і пілігрымак злучылася сувязямі сяброўства, пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў кіраўнік пілігрымкі «Гродна-Рось» кс. Юрый Марціновіч.

У гаміліі святар заахвоціў маладых людзей, частка з якіх неўзабаве пачне вучобу ў Беларусі або за яе межамі, да захавання сваёй веры. Святар нагадаў пра прыклад св. Паўла, які пад канец свайго жыцця не пісаў аб сваіх дасягненнях, але найважнейшым лічыў тое, што захаваў веру.



Увесь дзень маладыя людзі спявалі духоўныя песні, хіты пілігрымак, не саромеючыся вызнаваць сваю веру. Таксама яны дзякавалі Богу за ўсё, што Ён дае кожны дзень, асабліва за дар любові і сяброўства і за ўсіх людзей, якіх Бог паставіў на іх жыццёвым шляху. Трэба адзначыць, што спеў духоўных песень стаў інтэгральнай часткай такіх моладзевых сустрэч. Праз спеў іх удзельнікі хочуць выказаць удзячнасць Богу і паказаць прыгажосць сваіх сэрцаў.

Таксама моладзь удзельнічала ў танцах і забавах, смажыла каўбаскі на вогнішчы.

«Я вельмі ўзрушаны паставай нашай моладзі. Гэта цудоўная моладзь, якая любіць Пана Бога і вельмі шануе адзін аднаго», – падсумаваў сустрэчу кс. Юрый Марціновіч.



Хутка настане час, калі ўдзельнікі пілігрымкі раз’едуцца ў розныя месцы здабываць веды. Хтосьці з іх едзе ў Мінск, некаторыя за мяжу, частка застанецца ў Гродне, але, як самі яны сабе абяцаюць, іх будзе яднаць памяць і малітва, таму што ўсе яны звязаны паміж сабой, звязаны Езусам.

Таксама моладзь бязмежна ўдзячная кс. Пятру, пробашчу парафіі ў Азёрах, за прыхільнасць і добрае слова, за тое, што адпачынак з Богам на тэрыторыі яго парафіі быў такім цудоўным.

Ганна Глябовіч (AG)

фота Бажэны Вайцяховіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.