Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Канікулы з Богам» для дзяцей і моладзі прайшлі ў Шчучыне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
24.08.2015 15:22

Кожнае лета найбольш чаканым момантам для дзяцей і моладзі з парафіі Св. Тэрэзы ад Езуса (Авільскай) у Шчучыне становяцца «Канікулы з Богам», падрыхтаваныя айцамі піярамі, што апякуюцца шчучынскай парафіяй.

Штогадовая сустрэча самых малодшых парафіян на супольнай малітве, песнях, гульнях і танцах яднае каля паўтысячы чалавек.

Сёлета канікулы прайшлі з 16 па 23 жніўня і былі прысвечаны апякунцы парафіі — св. Тэрэзе з Авілі — з нагоды 500-годдзя з дня яе нараджэння. Кожны дзень старэйшая моладзь і выхавацелі рыхтавалі сцэнкі і пантамімы, якія дазвалялі наблізіць гледачам жыццё і справу, якую пакінула пасля сябе святая. Дэвізам адпачынку ў гэтым годзе сталі словы св. Тэрэзы: «Хопіць толькі Бога».


Па традыцыі дзень «Канікул з Богам» пачынаўся супольнай малітвай і спевамі розных рэлігійных песень. Наступным этапам праграмы былі сустрэчы ў групах, арганізацыю якіх загадзя рыхтавала старэйшая моладзь. Кожны дзень нёс у сабе штосьці асаблівае.

Напрыклад, адзін з дзён быў прысвечаны выключна спартыўным гульням, а на другі дзень удзельнікі павінны былі паказаць розныя свае таленты і здольнасці (спевы і г.д.). У канцы кожнага дня канікул падчас інтэграцыйных танцаў можна было ўдасканаліць свае танцавальныя таленты. Завяршаўся дзень малітвай і салодкім пачастункам для ўсіх.

Падчас сёлетніх «Канікул з Богам» адбыўся таксама канцэрт моладзевага гурту «Open» з Гродна.

Час хутка праляцеў, але ўдзельнікі канікул і іх арганізатары яшчэ доўга будуць узгадваць гэтыя вясёлыя дні — «Канікулы з Богам» у Шчучыне.

А. Віталій Слука SP, (ils)

фота Анастасіі Ясюкевіч і Сяргея Хільмановіча

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.