Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
25 жніўня айцы піяры ўзгадваюць свайго заснавальніка — св. Юзафа Каласанса
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
25.08.2015 12:21
Як і кожны год, 25 жніўня прыпадае ўспамін, магчыма, аднаго з найменш вядомых у Беларусі святых, які тым не менш адыграў у гісторыі Паўсюднага Касцёла немалую ролю, пакінуўшы свой след у адукацыі і выхаванні бедных дзяцей і моладзі. Гэта св. Юзаф Каласанс, заснавальнік ордэну піяраў, якія служаць і ў Беларусі — у Шчучыне, Лідзе і Чавусах.
 
Святы Юзаф паходзіць з Іспаніі, аднак усё сваё святарскае жыццё правёў у Рыме, дзе і адкрыў сваё праўдзівае пакліканне — жыць, працаваць і вучыць наймалодшых і самых бедных, якіх так шмат сустракаў на вуліцах Вечнага горада.
 
Сярод вядомых асобаў, якія вучыліся ў піярскіх школах, варта назваць Тадэвуша Касцюшку, Ігната Дамейку, бл. Папу Пія IX, заснавальніка супольнасці марыянаў бл. Станіслава Папчынскага і г.д.
 
Школы, якія вельмі хутка разрасліся і за межы Італіі, абапіраліся на дзве рэчы: пабожнасць і навуку. Выкладаючы школьныя прадметы, святы Юзаф вялікую ўвагу ўдзяляў духоўнаму выхаванню сваіх вучняў.
 
Каб Божая справа распаўсюджвалася і не была забыта, святы заснаваў ордэн піяраў, які быў зацверджаны Папам. Праз тры стагоддзі пасля сваёй смерці св. Юзаф Каласанс за вялікія заслугі ў галіне адукацыі дзяцей быў менаваны Папам Піем XII апекуном усіх хрысціянскіх пачатковых школ свету.
 
Школы, якімі апякуюцца айцы піяры ва ўсім свеце, і сёння вядомыя добрай адукацыяй дзяцей і моладзі.
 
З нагоды ўспаміну св. Юзафа Каласанса некалькімі днямі раней для хлопцаў з піярскіх парафій былі арганізаваны рэкалекцыі па распазнанні паклікання.
 
 
Падчас дзён духоўных разважанняў, якія праводзіў а. Аляксандр Махнач SP, удзельнікі рэкалекцый разважалі не толькі над прыкладам св. Юзафа Каласанса, але і над асновамі кожнага святарскага паклікання — таксама над пакліканнем 12 апосталаў, прыгадваючы іх жыццё і спосаб, праз які яны былі выбраны Хрыстом.
 
 
З нагоды ўрачыстасці св. Юзафа Каласанса ўсім айцам піярам жадаюць заставацца вернымі свайму пакліканню, а ордэну піяраў — новых святых пакліканняў.
 
А. Віталій Слука SP, (ils)
Фота а. Аляксандра Махнача SP
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.