Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кандыдаты ў аніматары са Смаргоні здзейснілі падарожжа ў Маскву
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
28.08.2015 11:12

З 19 па 25 жніўня група кандыдатаў у аніматары са Смаргоні (Гродзенская дыяцэзія) пад кіраўніцтвам с. Ірыны Барцэвіч FMA перажывала дні духоўна-культурнага адпачынку, вандруючы вуліцамі горада Масквы.

Моладзь мела магчымасць на свае вочы ўбачыць знакамітыя месцы, захапляцца велічнасцю помнікаў архітэктуры, адпачыць у кампаніі таленавітых людзей і аднадумцаў.

У першы дзень кандыдаты наведалі Чырвоную плошчу, былі ў храме Хрыста Збаўцы, а ўвечары адбылася прагулка па Старым Арбаце. Трэба адзначыць, што ўсе з гонарам апранулі футболкі з выявай св. Яна Боско і так вандравалі па Маскве. Вандроўнікам было вельмі прыемна, калі пілігрымы з розных краін пазнавалі іх любімага святога і падыходзілі, каб паразмаўляць і падзяліцца радасцю: «Viva don Bosco!»

У наступны дзень падарожжа моладзь са Смаргоні пабывала на Выстаўцы Дасягненняў Народнай Гаспадаркі (ВДНХ), а потым апынулася ў казцы ў Ізмайлаўскім Крамлі. Увечары была магчымасць танчыць на канцэрце гурта «Radio Kamerger». Канцэрт жывой музыкі ўсім вельмі спадабаўся, у кожнага засталося шмат уражанняў і ўспамінаў.



У трэці дзень моладзь наведала Новадзявочы манастыр і могілкі, а вечарам любавалася феерверкамі розных народаў на міжнародным фестывалі феерверкаў.

У нядзелю кандыдаты ў аніматары акрамя звычайнай святой Імшы а 10-й гадзіне ў катэдральным касцёле маглі маліцца і на англа-афрыканскай Імшы, сустрэцца з моладдзю Араторыя св. Яна Боско і разам маліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці, а пасля папрактыкавацца ў спартыўных гульнях. Вечарам яны захапляліся прыгажосцю парка «Царыцына».

У апошні дзень смаргонская моладзь была запрошана на дзень нараджэння сясцёр салезіянак, якія працуюць у Маскве.

Цэнтрам кожнага дня была святая Імша і цікавыя канфірэнцыі, якія праводзіў кс. Аркадзій Грабоўскі SDB. Гэтыя сустрэчы былі прысвечаны тэме «Як узрастаць у групе? Маё служэнне як аніматара».



Дзякуючы гэтай вандроўцы моладзь яшчэ раз зразумела, што адпачываць добра і карысна для душы можна толькі з Богам; што можна наведваць розныя месцы, знаёміцца з рознымі людзьмі, весці розныя размовы, але галоўнае – запрасіць на гэты адпачынак Бога, і тады гэты час ніколі не будзе страчаным.

Яшчэ адным вынікам падарожжа стала тое, што кандыдаты ў аніматары адчулі і зразумелі, што значыць «каталіцкі» або «Паўсюдны» Касцёл: гэта значыць, Касцёл не мае межаў ні ў прасторы, ні паміж людзьмі. Увесь час адчувалася сардэчнасць людзей, незнаёмыя хутка станавіліся сябрамі. Кожную хвіліну моладзь адчувала сябе часткай Касцёла.

Удзельнікі падарожжа хочуць сказаць шчыры дзякуй с. Ірыне Барцэвіч FMA, кс. Аркадзію SDB,  Андрэю Калабахіну ASC, а таксама ўсім святарам, сёстрам законным, салезіянам супрацоўнікам, якія працуюць у Маскве, за іх гасціннасць, добразычлівасць і адкрытыя сэрцы.

Анастасія Субко, кандыдат у салезіянскія аніматары

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.