Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сястра Гражына Юхневіч склала вечныя манаскія абяцанні ў супольнасці Місіянерак Хрыста Валадара |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
28.08.2015 11:42 |
![]() Манахіня належыць да супольнасці сясцёр Місіянерак Хрыста Валадара. Доўгі час законніцы працавалі ў суботніцкай парафіі, прымаючы актыўны ўдзел ў парафіяльным жыцці, у выхаванні дзяцей і моладзі. Менавіта праз прыклад веры і адданасці Богу, які давалі законніцы, с. Гражына змагла адчуць сваё пакліканне. ![]() Звычайна сёстры з гэтай супольнасці складаюць вечныя манаскія абяцанні ў генеральным доме супольнасці ў Польшчы. Але с. Гражына хацела падзяліцца сваёй радасцю з тымі людзьмі, хто праз увесь час манаскай фармацыі памятаў пра яе ў малітве, таму ўрачыстасць адбылася ў яе роднай парафіі. Падчас святой Імшы манахіня ляжала ніцма, сведчачы аб пакорнасці перад Панам. Вечныя манаскія абяцанні с. Гражына прыняла з рук сястры генеральнай вікарыі Яніны Кошык, якая адмыслова прыехала з Польшчы. Сястра Яніна падзякавала Богу за дар паклікання ў супольнасць с. Гражыны, а таксама асаблівым чынам падзякавала бацькам, якія на працягу ўсёй дарогі да гэтага святочнага дня падтрымлівалі дачку. ![]() Галоўным цэлебрантам святой Імшы быў кс. Андрэй Роўба, дэкан Лідскага дэканата. Канцэлебравалі Імшу пробашч парафіі ў Суботніках кс. Аляксандр Лебядзевіч і рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Познані (Польшча) кс. Андрэй Лысы. ![]() Сёстры з супольнасці Місіянерак Хрыста Валадара, а таксама родныя, знаёмыя і ўсе, хто маліўся за манахіню, разам з с. Гражынай перажывалі гэты святочны дзень. Можна было заўважыць на тварах прысутных і слёзы радасці, асабліва ў пажылых парафіян, якія памятаюць часы, калі парафія не мела святара і законніц; слёзы захаплення і радасці за тое, што Бог пасылае пакліканні і ў суботніцкую парафію. ![]() Парафіяне жадаюць с. Гражыне на дарозе яе паклікання Божага благаслаўлення і апекі Маці Божай, жадаюць, каб добры Бог вёў яе тымі шляхамі, дзе людзі найбольш патрабуюць Хрыста. Вікторыя Пабудзей
|
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.