Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Дзень беларускага пісьменства біскуп Юзаф Станеўскі маліўся ў Шчучыне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
07.09.2015 01:50

6 верасня дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ў межах святкавання Дня беларускага пісьменства, яднаючыся з дзяржаўнымі ўрачыстасцямі, якія сёлета прайшлі ў Шчучыне, маліўся разам з айцамі піярамі і вернікамі шчучынскай парафіі Св. Тэрэзы.

Касцёл заўсёды знаходзіцца побач з грамадствам і народам, цешыцца з ім, падзяляе яго поспех і разам перажывае цяжкасці. Падчас малітвы іерарх дзякаваў Богу за Яго стваральнае Слова, а таксама за друкаванае слова, дзякуючы якому сёння магчыма, нягледзячы на адлегласць ў тысячагоддзі, прачытаць тое, што было на пачатку.



Як адзначыў біскуп, тое, што першым друкаваным словам на нашай зямлі было Евангелле, — знак таго, што нашы продкі прагнулі гэтага Слова, якое дае жыццё, а замацоўваючы яго на паперы, жадалі захаваць яго нязменным і перадаць нашчадкам. «Наша прысутнасць сёння ў святыні — доказ, што яны жылі Божым словам», — сказаў іерарх, звяртаючыся да ўдзельнікаў святой Імшы.

Перафразуючы біблійны тэкст, біскуп адзначыў, што пасля свайго стваральнага Слова, якое было на пачатку, прамовіўшы «няхай станецца», Бог, напэўна, паглядзеў на нашу зямлю, бо, як гаворыцца далей у Святым Пісанні, «убачыў, што гэта было добра». «Гэтае “дабро” мы адчуваем да нашых часоў, жывучы ў згодзе і любові, разуменні і павазе ў “доме, імя якому Беларусь”», — дадаў біскуп. «Божа, благаслаўляй Беларусь і надалей», — папрасіў у малітве іерарх.



Разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, біскуп адзначыў: «Няверуючаму здаецца, што Бог не існуе — як глухому здаецца, што птушкі не спяваюць, што людзі не размаўляюць, што мора не шуміць, што рэха не адказвае. Аднак мы ведаем, што гэта на самой справе не так».

Дар слыху, як дадаў іерарх, з’яўляецца вялікім дарам, але гэта не значыць, што трэба слухаць усё: трэба, па словах біскупа, навучыцца адкрываць вушы на дабро, на праўду, на голас, які просіць дапамогі, на заклік несправядліва пакрыўджаных, на голас прамаўляючых у імя Бога.

Дар мовы, заўважыў біскуп, таксама трэба ўмець правільна выкарыстоўваць. «Наша мова можа раніць бліжніх, абражаць Бога, служыць няпраўдзе, — сказаў іерарх. — Правільная мова не азначае казаць аб усім, усюды і з кожным: правільная мова азначае карыстанне ёю для таго, каб навучыць іншага, даць яму добрую параду, перасцерагчы перад злым учынкам, клапаціцца аб тым, што для яго сапраўды добра, аб тым, каб пазнаў Бога. Правільная мова – гэта мова, якая ўмацоўвае ў іншым чалавеку дух, мабілізуе да добрага, уносіць радасць і стварае атмасферу глыбокага супакою». «Праз нашы размовы мы павінны быць апосталамі Бога», — звярнуў увагу біскуп.

Іерарх патлумачыў, што прамаўляць добра — значыць найперш прамаўляць да самога Бога на малітве. «Чалавек у бачным свеце з’яўляецца адзінай істотай, якая можа размаўляць з Богам», — нагадаў біскуп і дадаў, што з гэтага цудоўнага ўзвышэння чалавечай натуры трэба найчасцей карыстацца.

(NS), (AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.