3 верасня 10-ы год фармацыі пачало душпастырства студэнцкай і працуючай моладзі «OPEN», якое знаходзіцца ў Гродне. Душпастырства ўключае маладых людзей Гродна і іншых мясцін дыяцэзіі, якія прыбываюць у Гродна на вучобу.
Урачыстая інаўгурацыя чарговага года фармацыі маладых людзей у душпастырстве пачалася святой Імшой у касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі. Імшу ўзначаліў душпастыр моладзі кс. Антоні Грэмза, які адзначыў, што «Наша моц у Езусе, калі мы разам», i заахвоціў маладых людзей Гродна і ваколіц далучацца да гэтай супольнасці.
Падчас першай сустрэчы душпастырства «OPEN» моладзь дзялілася ўражаннямі ад летняга адпачынку, распавядала пра свой удзел у розных пілігрымках і сустрэчах, якія ўзбагацілі яе духоўна і пашырылі яе гарызонты.
Таксама падчас сустрэчы былі абмеркаваны планы душпастырства на будучыню. Было адзначана, што вельмі важнай падзеяй новага года фармацыі стане ўдзел у Сусветным дні моладзі, які пройдзе ў Кракаве (Польшча) у ліпені 2016 г.
«Душпастырства яднае нашу моладзь, толькі разам мы моцныя», — адзначыў у размове з Сatholic.by кс. Антоні Грэмза. «Мы адкрыты на ўсіх, запрашаем на сустрэчы моладзь, якая вучыцца і працуе, без абмежаванняў», — дадае душпастыр моладзі.
Сёння душпастырства «OPEN» уключае сотні маладых людзей з розных бакоў дыяцэзіі, якія актыўна ўдзельнічаюць у жыцці Касцёла. Многія маладыя людзі ў межах душпастырства знаходзяць будучага мужа або жонку. У кастрычніку гэтага года тры пары, якія пазнаёміліся ў «OPEN», заключаць шлюб. Душпастырства за гэты невялікі перыяд сваёй дзейнасці пашырылася да таго, што ўзнікла душпастырства маладых сем’яў пры душпастырстве «OPEN».
Кс. Юрый Марціновіч
|