Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Савіо-клуб пры смаргонскай парафіі папоўніўся новымі ўдзельнікамі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
13.09.2015 21:21

Святы Дамінік Савіо – хлопчык, які кожны момант гатовы быў спаткацца з Богам і гэтаму вучыў сваіх сяброў. Сёння ў дзяцей парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні (Гродзенская дыяцэзія) ёсць магчымасць ісці да святасці па слядах св. Дамініка праз удзел у Савіо-клубе.

Гэты клуб у Моладзевым цэнтры пры парафіі існуе чатыры гады. Праз сумесныя сустрэчы дзеці разам з аніматарамі шукаюць уласны шлях да святасці. Ім дапамагаюць у гэтым сумесная малітва, духоўныя размовы, віктарыны, а таксама гульні, выхады на прыроду, выезды і яшчэ шмат цікавых рэчаў. За некалькі гадоў склаўся сяброўскі калектыў, які вызнае сваю веру і погляды не толькі ў араторыі, але і сярод сяброў у школе, а таксама ў сям’і.

У гэтым годзе Савіо-клуб папоўніўся новымі ўдзельнікамі. Зараз ён налічвае каля 50 дзяцей ва ўзросце ад 10 да 15 гадоў: малодшую і старэйшую групы. Першая сустрэча ў клубе адбылася 11 верасня.

Падчас святой Імшы ў межах сустрэчы кс. Алег Жураўскі SDB падкрэсліў у гаміліі значнасць асобы св. Дамініка Савіо і заклікаў браць з яго прыклад. Пасля Эўхарыстыі сабраным была прапанавана вясёлая праграма. Праз знаёмства адзін з адным, з аніматарамі і сястрой Ірынай Барцэвіч, адказнай за Савіо-клуб, а таксама праз вясёлыя гульні, дзеці і падлеткі, якія прыйшлі ў клуб у першы раз, даведаліся пра яго дзейнасць. Скончылася сустрэча традыцыйным слоўкам на дабранач, песняй да Дамініка Савіо і малітвай.

Савіо-клуб – добрая магчымасць знайсці сапраўдных сяброў і паплечнікаў па агульнай мэце жыцця: дасягненні святасці.

Паводле www.sdb.by

(AG)

 

 

Фота www.sdb.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.