З 8 верасня, свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, да 12 верасня, успаміну Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, у лідскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі праходзіла 40-гадзіннае набажэнства, якое праводзіў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
На заканчэнне 40-гадзіннага набажэнства падчас урачыстай святой Імшы групе парафіянаў біскуп удзяліў сакрамэнт канфірмацыі. 
40-гадзіннае набажэнства заснавана на няспыннай малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Гэта эўхарыстычнае набажэнства і павінна пачынацца, як і заканчвацца, святой Імшой. 40-гадзіннае набажэнства праводзіцца для памяці пра час, калі паводле традыцыі цела Хрыста было пакладзена ў труну. Лічба 40 часта згадваецца ў Бібліі і заўсёды азначае святы час: перад распачаццем навучання Езус прабываў у пустыні 40 дзён, столькі ж часу ішоў дождж падчас патопу, яўрэі ішлі па пустыні 40 гадоў…
Біскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі прапанаваў вернікам затрымацца на хвіліну і адказаць на пытанне: чым для іх з’яўляецца адарацыя, з чаго адарацыя вынікае, з чым звязана і да чаго павінна прывесці.
«Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту шмат каго з нас напаўняе пакорай і дапамагае нам бачыць усе іншыя справы ва ўласцівых прапорцыях. Удзел у ёй сведчыць пра прыгожае вызнанне нашай веры. Яна асвячае кожнага ва ўсіх жыццёвых выпадках. Бо Бог выбраў самыя простыя знакі, каб мы засведчылі Яго прысутнасць — тое выпраменьванне, якое корміць, супакойвае і дае навяртанне», — сказаў біскуп Станеўскі.

У апошні дзень малітвы парафіян перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам біскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў групе вернікаў сакрамэнт канфірмацыі.
Біскуп заахвоціў, каб кожны дзень яны ішлі пад сцягам Марыі ў сучасны свет, «абапіраючыся на традыцыю нашых айцоў, якія з ружанцам у руцэ і са словамі “Вітай, Марыя” і “Тваёй абароне аддаёмся” перадавалі маладому пакаленню і свету скарб веры». Кс. Юрый Марціновіч, (IL)
|