14 верасня гродзенская парафія Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі) перажывала адпустовую ўрачыстасць. Прыгожы вялікі крыж, які змешчаны ў галоўным алтары святыні, надае гэтаму сакральнаму будынку веліч і стварае адпаведную малітоўную атмасферу.
Перад гэтым крыжам станавіліся ўжо сотні тысяч вернікаў: гродзенцаў і не толькі. Перад ім шмат людзей, напэўна, не раз прыгадвалі словы Хрыста: «Калі хто хоча ісці за Мной, няхай адрачэцца ад самога сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мной». Напэўна, перад крыжам здзейснілася шмат цудаў і аздараўленняў, навяртанняў, што застаецца таямніцай паміж Богам і чалавекам.
Езус Хрыстус, гледзячы з вышыні крыжа ў гродзенскай святыні, нібыта кажа кожнаму чалавеку, што з любові да яго склаў гэтую крывавую ахвяру.
У дзень парафіяльнага адпусту святыню наведалі шматлікія жыхары Гродна, якія прыйшлі, каб ушанаваць дрэва крыжа, стаць перад крыжам, як Маці Божая Балесная і святы Ян, ачысцілі свае сэрцы ад шуму, мітусні і штодзённых спраў, каб пачуць: «Вось Маці твая».
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх у гаміліі ўказаў сучаснаму чалавеку, які жыве ў штодзённых клопатах і хаосе, на крыж як знак надзеі і збаўлення. Біскуп заахвоціў, каб кожны чалавек меў у сабе столькі адвагі, каб станавіцца пры крыжы Збаўцы і быць верным вучнем Езуса Хрыста.
Гэтая адпустовая ўрачыстасць у гродзенскай парафіі нагадвае вернікам глыбокую праўду, што без Хрыстовага крыжа чалавечае цярпенне застаецца невытлумачальным і бессэнсоўным. Таксама гэты дзень нагадвае, што варта з любоўю глядзець на крыж Хрыста, адараваць яго, знаходзіць у ім сэнс свайго цярпення.
Крыж Хрыста – знак таго, што Бог падзяліў чалавечы лёс, разам з чалавекам прыняў муку, самотнасць, знёс пагарду і сорам, паказаў безабароннасць і прабачыў тым, хто Яго пераследаваў. Калі мы глядзім на крыж, то ведаем, што Сын Божы спраўды перажыў чалавечыя пакуты і падзяліў іх у поўні. Няма такога цярпення, якога б Ён не зведаў; няма такой віны, сораму, самотнасці, голаду, уціску, эксплуатацыі, катаванняў, зняволення, забойства, насілля ці пагроз, якія былі б Яму чужымі.
Таму, дзякуючы крыжу Хрыста, чалавек у сваёй жыццёвай працы адчувае сябе больш спакойным і моцным, бо ведае, што ён не адзін і яго любіць Створца.
Кс. Юрый Марціновіч
|