Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Парафіяльная ўрачыстасць з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага адбылася ў Ваўкавыску
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
20.09.2015 14:40

18 верасня ў парафіі Св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску (Гродзенская дыяцэзія) адбыўся парафіяльны фэст ва ўспамін яе святога апекуна. На свята прыбылі шматлікія вернікі з розных куткоў дэканату, а таксама дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

На парафіяльную ўрачыстасць завіталі таксама пробашч парафіі Св. Вацлава ў Ваўкавыску кс. прэлат Антоні Філіпчык і вікарый кс. Дзмітрый Леўчык, святары з Шылавіч, Рэплі, Сапоцкіна, Воўпы, Мсцібава.

На пачатку святой Імшы дзеці і моладзь прывіталі біскупа цёплымі словамі, пробашч парафіі кс. дэкан Алег Дуль папрасіў іерарха ўзначаліць Эўхарыстыю.

У гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі наблізіў вернікам постаць святога Станіслава Косткі. Кажучы пра выпрабаванні ў жыцці святога, іерарх падкрэсліў, что калі чалавек вытрывае ў сваіх выпрабаваннях да канца, будзе збаўлены.

Біскуп параўнаў Божую ласку да ліўня, а людзей, якія не маюць часу на Бога і малітву, назваў тымі, хто «ідзе з парасонам» падчас ліўня Божай ласкі. Іерарх заахвоціў вернікаў удзельчаць у нядзельнай Эўхарыстыі, адзначыўшы, што святая Імша — гэта крыніца Божай ласкі.

Імша завяршылася Літаніяй да св. Станіслава Косткі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Пасля адбылася ўрачыстая працэсія.

На заканчэнне пробашч парафіі кс. Алег Дуль падзякаваў біскупу Юрыю Касабуцкаму за супольную малітву, а таксама выказаў падзяку ўсім святарам, якія прыбылі на фэст, і ўсім вернікам.

Пасля ўрачыстасці біскуп Юрый Касабуцкі сустрэўся з дзецьмі і моладдзю і ўдзяліў ім благаслаўленне.

Вераніка Жэброўская, (AG)
Фота Веранікі Жэброўскай

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.