Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гродзенскія біскупы благаславілі дзяцей і моладзь у санктуарыі ў Капцёўцы на новы навучальны год
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
21.09.2015 12:32

Традыцыйна ў трэцюю нядзелю верасня адбываецца пешая пілігрымка дзяцей і моладзі, настаўнікаў і выхавацеляў, выкладчыкаў і катэхетаў з Гродна і ваколіц у санктуарый Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку Надзеі ў Капцёўцы (Гродзенская дыяцэзія). Сёлетняя пілігрымка прайшла пад дэвізам «З Марыяй у новы навучальны год».

У пілігрымцы і ўрачыстасцях у Капцёўцы прынялі ўдзел шматлікія пілігрымы, пераважна дзеці і моладзь.

Перад распачаццем шляху пілігрымы ўдзельнічалі ў святой Імшы ў гродзенскім касцёле Маці Божай Анёльскай.

Занесці Марыі свае інтэнцыі

Шматлікіх дзяцей і моладзь на шляху да Маці Божай суправаджалі бацькі, апекуны і катэхеты. Да Узгорка Надзеі ў Капцёўцы пілігрымавалі таксама навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Усе пілігрымы неслі да трону Маці свае інтэнцыі і просьбы. Вераніка Ігнатовіч, якая ў гэты дзень не змагла заставацца дома, прызнаецца, што мела шмат інтэнцый. «Мы маліліся за нашу моладзь, за цяжка хворых, за дзяцей, якія ішлі з намі. Мы прасілі Бога, каб Ён вёў нас за сабою. Асабліва ў час гэтай пілігрымкі мы маліліся за нашы сем’і, якія павінны будаваць сваю будучыню на Богу, бо без Яго ў жыцці нічога не пабудуем», — адзначае Вераніка Ігнатовіч.

Падзяліць з вернікамі працу пілігрымавання — 16 км — пажадаў і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які некаторы час у інтэнцыі сем’яў нёс крыж наперадзе пілігрымкі.


Папрасіць Марыю аб суправаджэнні ў жыцці


Пілігрымка, нават калі яна трывае адзін дзень, уносіць у жыццё чалавека шмат дабра, а асабліва новай энергіі і радасці. Таму ў гэты дзень у пілігрымцы ўдзельнічала і шмат той моладзі, якая прыехала здалёк,  адклаўшы свае навучальныя справы. Віктар Прэсняцкі, з гэтага года студэнт аднаго з мінскіх універсітэтаў, таксама палічыў, што павінен абавязкова ўдзельнічаць у гэтай пілігрымцы. «Калі вырываешся з вучобы ў гэтую родную атмасферу, разумееш, як моцна сумаваў па пілігрымках. Мы ішлі да нашай Мамы, каб папрасіць дапамогі на новы навучальны год. Да таго ж гэта была выдатная нагода сабрацца сваёй пілігрымскай сям’ёй, каб ісці разам. І, як заўсёды, нас суправаджалі песні, танцы і, канешне ж, Пан Езус», — кажа малады чалавек.

Традыцыйна пілігрымаў вітаў на Узгорку Надзеі кусташ санктуарыя кс. Міхал Ластоўскі, які разам з парафіянамі штогод гасцінна адкчыняе дзверы святыні і дома пілігрыма. У гэты дзень ніхто не пакінуў гэтае месца галодным фізічна і духоўна. Падчас малітвы кожны, калі толькі адкрыецца на дзейнасць Божай ласкі, вяртаецца да сваіх спраў моцны Богам, умацаваны сакрамэнтам Эўхарыстыі. А дзякуючы гасціннасці гаспадароў і велічы іх сэрцаў, атрымае смачную ежу і адновіць свае сілы.


Атрымаць канкрэтнае заданне — быць працавітым


Урачыстую святую Імшу цэлебраваў разам са святарамі і дапаможным біскупам Юзафам Станеўскім біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Звяртаючыся да дзяцей і моладзі, гродзенскі ардынарый заклікаў іх «цаніць матчын клопат Касцёла» аб перадачы ім навучання Хрыста і забеспячэння паўнаты жыцця ў веры.

Таксама іерарх заахвоціў іх з задавальненнем і сістэматычна наведваць урокі рэлігіі, «быць руплівымі, уважлівымі, працавітымі, адкрытымі на словы Добрай Навіны», якія перадаюць ім катэхеты.

Біскуп падзякаваў усім святарам, дыяканам, манаскім сёстрам, катэхеткам і катэхетам, якія з вялікай самаахвярнасцю і адданасцю ўдзельнічаюць у катэхетычнай дзейнасці Касцёла, за тое, што з любоўю і клопатам перадаюць збаўчае пасланне Езуса Хрыста. «Імкніцеся дайсці з радасным пасланнем Добрай Навіны да як мага большай колькасці дзяцей і моладзі», — заклікаў іерарх.

На заканчэнне Імшы былі асвечаны заплечнікі і школьныя прылады, якія дзеці i моладзь прынеслі з сабою ў пілігрымцы.

Пасля Імшы адбылася другая частка сустрэчы, на якой былі прэзентаваны парафіяльныя групы, якія прыбылі ў санктуарый. Было шмат спеваў і радасці. Вясёлай забавай сталі інтэграцыйныя танцы. Стварэнню радаснай атмасферы паспрыялі навучэнцы духоўнай семінарыі і моладзь з душпастырства «OPEN», якія суправаджалі сустрэчу акампанементам і спевам.

Дзеці і моладзь — удзельнікі пілігрымкі — вярталіся дадому напоўненыя Божай энергіяй: каб здабываць жыццёвую мудрасць, каб вучыцца чалавечнасці, каб быць добрымі хрысціянамі, чаго так патрабуе сучасны свет; вярталіся ўмацаваныя пастырскім благаслаўленнем абодвух біскупаў.


Вярнуцца перамененым чалавекам

Змены, якія на працягу аднаго дня адбыліся ў жыцці дзяцей і моладзі — будучыні Касцёла і народа, — заўважылі нават некаторыя бацькі. Вераніка Гавецкая, вярнуўшыся дадому, падзялілася: «Калі я прыйшла дадому, мае бацькі мне сказалі, што знешне я выглядаю стомленай, а ўнутрана я “жыўчык”, і здзівіліся, адкуль з’явілася гэтая энергія і столькі сіл». «Я ўдзячная нашай Мамачцы, што Яна зрабіла ўсё так, што кожны з нас змог прыехаць і мы сустрэліся адзін з адным — усе разам мы змаглі прыйсці да Яе і як адна вялікая і дружная сям’я ўсміхнуцца Ёй і сказаць просты “дзякуй”», — дадае Вераніка Гавецкая.

Пілігрымы адзначаюць, што такія сустрэчы, якія арганізуе Касцёл, яднаюць людзей, і, нягледзячы на тое, што кожны чалавек адметны і па знешнасці, і па характары, і па тэмпераменце, яны разам, яны становяцца адным цэлым, сям’ёй.

Яўген Калеснік кажа, што ўсе ўдзельнікі такіх сустрэч утвараюць сям’ю, дзе кожны дапаўняе іншага. «Гэтыя пілігрымкі нас вельмі моцна збліжаюць, аб’ядноўваюць, пашыраюць нашу сям’ю. Мы адно цэлае, якое хаця б без аднаго чалавека губляе сваю сутнасць. Мы ніколі не забудзем адзін аднаго, гэта проста немагчыма», — дадае малады чалавек.

Дзеці і моладзь Гродна і ваколіц вельмі ўдзячныя сваім біскупам, святарам, сёстрам законным і катэхетам за вялікі клопат, якім яны атачаюць будучыню Касцёла. Яны вельмі ўдзячныя таксама кусташу санктуарыя кс. Міхалу Ластоўскаму за арганізацыю пілігрымкі, урачыстасцяў у Капцёўцы і за мноства пазітыўных уражанняў.

«Уражанні вельмі добрыя. Выдатная атмасфера, шмат знаёмых людзей, а таксама ёсць цудоўная магчымасць набыць новых сяброў. Прагрaма была вельмі цікавай, і нават дождж не перашкодзіў весела правесці гэты час. Усё было на вышэйшым узроўні. Вялікі дзякуй арганізатарам», — кажа Яна Зарыхта.

Кс. Юрый Марціновіч
Фота Веранікі Карповіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.