28 верасня ў курыі Гродзенскай дыяцэзіі адбылася сустрэча катэхетаў, якія працуюць у дыяцэзіі. У сустрэчы прынялі ўдзел таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі.
Іерархі падзякавалі катэхетам за іх ахвярнае і адданае служэнне ў Касцёле, якое належыць да яго найважнейшых заданняў.
Падчас сустрэчы шматразова падкрэслівалася, што катэхізацыя дзяцей і моладзі — адна з самых важных задач Касцёла. Падкрэслівалася пастаянная патрэба інвеставання ў будучыню і надзею Касцёла, патрэба працы на карысць дзяцей і моладзі і ўключэння іх у рэлігійнае жыццё і жыццё супольнасці.
Дырэктар аддзела навучання і выхавання Гродзенскай курыі айцец доктар Андрэй Шчупал CSsR у сваім дакладзе адзначыў, што катэхет павінен нястомна шукаць новых спосабаў і метадаў таго, як дайсці да чалавека. Таксама святар заўважыў, што катэхізацыяй неабходна ахапіць не толькі дзяцей, але і дарослых, якія падчас пераследу веры не мелі такой магчымасці.
Выступоўца звярнуў увагу і на тое, што катэхеза павінна не толькі перадаваць веды, але і выхоўваць чалавека. «Катэхізацыя — гэта не толькі навучанне, але і выхаванне. Праз катэхізацыю і рэлігійную практыку мы павінны прывіваць маладому пакаленню хрысціянскія каштоўнасці, а таксама ўдасканальваць яго духоўнае і маральнае жыццё», — сказаў святар.
Прэфект Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ксёндз Андрэй Лішко ў сваім дакладзе ўзняў адну з найбольш актуальных тэм — выкарыстанне інтэрнэта ў катэхезе — і разважаў над тым, з’яўляецца гэта шансам ці пагрозай.
Святар адзначыў, што інтэрнэт становіцца прывабным і практычным сродкам у катэхізацыі. З іншага боку, сам факт яго існавання і ўплыву на карыстальнікаў вылучае яго сярод істотных праблем медыйнага навучання і выхавання, якія рэалізоўваюцца ў катэхезе. Святар заахвоціў катэхетаў выкарыстоўваць у сваёй працы новыя метады і спосабы таго, як дайсці да маладога чалавека, з дапамогай катэхетычных матэрыялаў, якія можна знайсці ў інтэрнэце.
Сустрэча завяршылася святой Імшой у касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі а. Юрый Саковіч OSPPE адзначыў, што сучасны катэхет павінен стаць для дзяцей і моладзі анёлам, які вядзе сваіх падапечных праз розныя цяжкасці і спакусы ў веры.
На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў за гэтую фармацыйную і малітоўную сустрэчу, выказаўшы надзею, што перадача навучання Хрыста маладому пакаленню ў Гродзенскай дыяцэзіі будзе прыносіць шчодрыя плёны. Звяртаючыся да катэхетаў, іерарх адзначыў, што «ў катэхетычным навучанні належыць прысвяціць больш увагі праблеме сям’і, указаць вучням натуральную годнасць і прыгажосць інстытуту сям’і ў Божай стваральнай задуме, сутнасць яе паклікання, а таксама паказаць розныя пагрозы, з якімі сям’я сустракаецца ў сучасным свеце». Іерарх нагадаў, што ў наступным годзе Гродзенская дыяцэзія будзе перажываць 25-годдзе свайго заснавання, што стане нагодай для падзякі Богу за лакальны Касцёл і ўсе дасягненні, якія сталі вынікам супольных намаганяў і працы многіх людзей. «Перакананы, што адным з найбольшых дасягненняў апошняй чвэрці стагоддзя стала справа катэхізацыі дзяцей і моладзі», — сказаў біскуп.
Таксама ў гэты дзень былі ўручаны дэкрэты новым катэхетычным візітатарам і былі прадстаўлены іх заданні і абавязкі ў дэканаце.
Кс. Юрый Марціновіч
|